Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/20/899733_899734/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:12
20.04.2017 13:15 Эканоміка

Лукашэнка: Беларусь і Ніжагародская вобласць могуць рэалізоўваць энергетычныя праекты ў іншых краінах

Мінск, 20 красавіка. Беларусь і Ніжагародская вобласць могуць рэалізоўваць энергетычныя праекты ў іншых краінах, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 красавіка на перамовах у Мінску з губернатарам Ніжагародскай вобласці Расіі Валерыем Шанцавым.

"Той вопыт, які набываюць нашы арганізацыі ў супрацоўніцтве з ніжагародскай кампаніяй "Атамбудэкспарт" пры будаўніцтве Беларускай АЭС, можа быць запатрабаваны пры ажыццяўленні іншых энергетычных праектаў, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Для нас вельмі важна, што вы ў гэты працэс актыўна ўключылі беларусаў. І там працуюць вельмі многія нашы кампаніі. Да гэтага часу ніхто не атрымаў заўваг па сваім прафесіяналізме. Значыць, мы з вамі можам будаваць атамныя станцыі па ўсім свеце, і мы будзем там запатрабаваныя".

Лукашэнка назваў перавагай Беларусі захаванне ў краіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі і высокі ўзровень падрыхтоўкі па рабочых спецыяльнасцях. "Да нас ужо звяртаюцца іншыя дзяржавы, асабліва постсавецкай прасторы, каб мы дапамаглі ім падрыхтаваць рабочыя кадры. А некаторыя (я быў нядаўна ў Туркменістане) папрасілі стварыць у іх сістэму прафтэхадукацыі, а дзе-нідзе аднавіць, — сказаў Лукашэнка. — Таму мы рады , што нашы рабочыя, спецыялісты запатрабаваныя. Мы навучыліся шмат чаму і гатовы ўдзельнічаць у любым пункце свету, разам з расіянамі будаваць такія і іншыя аб'екты".

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Ніжагародская вобласць стварылі "салідную базу" для вытворчай кааперацыі. Напрыклад, у расійскім рэгіёне наладжана зборка беларускіх ліфтаў, адкрыты гандлёвы дом "Белшыны", працуюць дылеры найбуйнейшых прадпрыемстваў машынабудавання: "Гомсельмаша", МТЗ, МАЗа і "Амкадора". У сваю чаргу беларускі бок актыўна закупляе металапрадукцыю, грузавыя аўтамабілі, тавары хімічнай прамысловасці.

З улікам маштабных планаў вобласці па ўзвядзенні жылля і транспартнай інфраструктуры ўзаемавыгадным бачыцца прыцягненне да іх рэалізацыі беларускіх спецыялістаў. Беларусь таксама можа забяспечыць аб'екты высакаякаснымі будаўнічымі матэрыяламі і тэхнікай, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

"Мы падтрымліваем імкненне вашага рэгіёну нарошчваць магутнасці аграрнай галіны, — сказаў Лукашэнка. — Гатовыя аказаць дапамогу, як і раней, у мадэрнізацыі жывёлагадоўчых комплексаў, пастаўках сельгасмашын і агрэгатаў. Гатовыя выконваць работы пад ключ, калі ў гэтым будзе неабходнасць. Ёсць добрыя перспектывы ў сферы транспарту. Беларускі бок можа падключыцца да абнаўлення вашага парку пасажырскай тэхнікі, прапанаваўшы сучасныя гарадскія аўтобусы і тралейбусы розных мадыфікацый".

У сваю чаргу Шанцаў звярнуў увагу, што Беларусь з'яўляецца першым партнёрам ў знешнеэканамічнай дзейнасці Ніжагародскай вобласці сярод 143 краін. "Ніхто больш не мае з намі такіх цесных гандлёвых, эканамічных сувязяў", — падкрэсліў ён.

"Калі ўлічваць, што па некаторых кірунках супрацоўніцтва паміж рэспублікай і расійскім рэгіёнам ажыццяўляецца не наўпрост, то двухбаковы тавараабарот перавышае 750 млн долараў. Бакі сышліся ў меркаванні, што ўзровень узаемнага гандлю павінен дасягнуць 1 млрд долараў", — паведамляе прэс-служба па выніках перамоў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН