Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/21/899902_123456/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 14:49
21.04.2017 10:51 Эканоміка

Лукашэнка: Нам трэба змяніць стаўленне да інвестараў

Мінск, 21 красавіка. Беларусі трэба змяніць стаўленне да інвестараў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту.

"Сёння ў краіне створаны спрыяльныя ўмовы для інвеставання. Удалося дамагчыся макраэканамічнай стабілізацыі, няма палітычных узрушэнняў, дзейнічае адпаведнае заканадаўства, не робіцца ніякіх адрозненняў паміж айчыннымі і замежнымі інвестарамі Узнікае пытанне: калі ўсе ўмовы створаны, то чаму інвестыцыі скарачаюцца, дзе мы недапрацоўваем?" — сказаў ён.

"Не ўладальнік капіталу павінен хадзіць па кабінетах, каб укласці свае грошы, а мы абавязаныя забяспечыць яму зялёную вуліцу ў краіне", — мяркуе Лукашэнка. "Усе пытанні павінны вырашацца аператыўна", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння на пазіцыю першага інвестара ў свеце выходзіць "дружалюбны нам Кітай". "Усе рэгіёны Беларусі ўстанавілі з кітайскімі правінцыямі пабрацімскія сувязі, дамовіліся аб рэалізацыі шэрагу праектаў. Чаму не відаць канкрэтных спраў? За гэта таксама будзе попыт. Задачы губернатарам аб штогадовым прыцягненні ў кожную вобласць не менш за 100 мільёнаў долараў прамых кітайскіх інвестыцый ніхто не адмяняў", — заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусі выдзелена "велізарная крэдытная лінія" Кітая. "Зноў жа, нядаўна падчас сустрэчы з прадстаўнікамі КНР, мы закраналі гэтае пытанне. Яны ўжо нам кажуць, калі ласка, давайце новыя праекты, мы гатовыя іх фінансаваць. Прытым на выгадных для краіны ўмовах", — сказаў ён.

"З гэтага часу якасць працы з замежным інвестарам, аб'ём прыцягнутых сродкаў будзе разглядацца як вызначальныя паказчыкі эфектыўнасці кіраўнікоў усёй мясцовай вертыкалі. Рабіце высновы", — заявіў Лукашэнка, адзначыўшы, што больш дэталёва сітуацыя ў эканоміцы будзе найбліжэйшым часам разгледжана пры справаздачы ўрада перад прэзідэнтам.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239