Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/21/899909_899912_123456/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:03
21.04.2017 11:14 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: Трэба прывыкаць, што не праца павінна ісці да людзей, а людзі да працы

Мінск, 21 красавіка. Беспрацоўныя грамадзяне Беларусі павінны перадусім самі імкнуцца працаўладкавацца, а задача дзяржавы — аказаць ім у гэтым дапамогу, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 21 красавіка з пасланнем беларускаму народу і парламенту.

Паводле яго слоў, праблема занятасці "неканкурэнтаздольных грамадзян", якіх налічваецца "прыкладна 350 тысяч чалавек", сёння ўяўляецца вельмі сур`ёзнай. "Для іх прадугледжана браніраванне працоўных месцаў у розных арганізацыях, прыярытэтнае накіраванне на навучанне. <...> Далі магчымасць удзелу ў часовых, сезонных работах, у тым ліку ў складзе працоўных брыгад. Але трэба прывыкаць да таго, што не праца павінна ісці да людзей, а людзі ісці за працай, як гэта прынята ва ўсім свеце", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка нагадаў, што органам улады даручана да 1 мая "даць магчымасць працаўладкавацца ўсім, хто ў гэтым мае патрэбу і хто хоча працаваць". "Майце на ўвазе, будзеце асабіста перада мной за гэта даваць справаздачу", — папярэдзіў ён.

"Аб матэрыяльнай падтрымцы беспрацоўных трэба клапаціцца, важна, каб яны былі сацыяльна абароненыя, — падкрэсліў Лукашэнка. — Але найперш неабходна, каб чалавек сам імкнуўся працаўладкавацца, а наша задача — дапамагчы яму ў гэтым. Як мяне інфармуюць, сёння такая дзейнасць у краіне разгорнута, у выканкамах створаны камісіі па працаўладкаванні, у якія можа звярнуцца любы грамадзянін і атрымаць садзейнічанне. Не толькі на біржу нейкую працы, незразумелую для нашага народа, — у органы ўлады можа звярнуцца, і я ўпэўнены — яму прапануюць працу".

Паводле слоў беларускага кіраўніка, напружанасць на рынку працы ўзнікла "з-за няўстойлівай працы прадпрыемстваў". Акрамя таго, праблема абвастрылася на фоне таго, што Беларусь за апошнія некалькі гадоў "толькі афіцыйна прыняла больш за 160 тысяч уцекачоў з Украіны", а такую колькасць людзей "пераварыць вельмі цяжка", дадаў ён. "Мы ім далі роўныя ўмовы з беларусамі, і зрабілі гэта правільна. Сёння ім цяжка — мы дапамаглі [украінскаму] народу. Будуць праблемы ў нас — дапамогуць і нам", — сказаў Лукашэнка.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239