Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/21/899917_123456/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 14:52
21.04.2017 11:33 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Трэба прымусіць кожнага працаваць, выкарыстоўваючы вопыт савецкіх часоў

Мінск, 21 красавіка. Мэта дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" адна — "кожны павінен працаваць", заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 21 красавіка з пасланнем да народа і парламента. "І 350 тысяч (прызнаныя плацельшчыкі "падатку на дармаедства". — БелаПАН.), якія павінны працаваць, яны павінны працаваць, вось і ўся філасофія", — дадаў ён.

Лукашэнка задаў парламентарыям пытанне, што рабіць з "дармаедамі". "Калі вы прапануеце нейкую іншую альтэрнатыву, іншую, як прымусіць іх працаваць, я адступлю. Але 350 — гэта ўжо тыя, разумееце, на якіх кляймо нельга паставіць, прабачце мяне за гэтае слова, што ён дрэнны чалавек. Яны павінны працаваць, таму што яны нам ствараюць велізарную праблему, найперш праваахоўнай сістэме. Я ўжо гэта тлумачыў. А наогул, гэта 500 тысяч чалавек, гэта мы ўжо 150 па розных прычынах вызвалілі ад гэтага цяжару працаваць. Таму гэтая праблема застаецца", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што не можа пагадзіцца з прапанаванай яму канцэпцыяй змяненняў у дэкрэт № 3, бо, паводле яго слоў, неабходна "рабіць высновы з таго, што адбылося". "Так, мы дрэнна яго (дэкрэт "аб дармаедстве". — БелаПАН.) на месцах рэалізавалі і іншае, але ківаць толькі на месцы, скідаючы з сябе адказнасць, — не той шлях. У нас вертыкаль улады, наверсе якой знаходзіцца прэзідэнт, і вы таксама не ў баку ад яе. Таму і мы нясём за гэта адказнасць", — дадаў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка падзякаваў парламентарыям за тое, што яны тлумачылі нормы дэкрэта, але ўдакладніў, што чакае ад іх адказу, "як будзем з гэтага выходзіць".

"Сёння задача іншая — як мы будзем дзейнічаць у гэтым кірунку. Зноў прапісаць, як мне прапанавалі: ну вось, не працуеш, павінен нейкую суму ўнесці? Але вы ж разумееце, што за людзі, гэтыя 350 тысяч. Вы ж разумееце, што 10 тысяч унясуць гэтыя грошы і забудуць, а астатнія да лютага або сакавіка наступнага года ні капейкі не ўнеслі. Яны не пойдуць і працаваць, калі іх не прымусіць. І ў лютым-сакавіку ім прасцей выйсці на вуліцы, на плошчы і крычаць гвалтам. А яшчэ падсунуць там нейкую капейку за тое, што ты выйшаў на вуліцу. Бо так было", — сказаў Лукашэнка.

"Таму патрэбна новая канцэпцыя — прымусіць кожнага працаваць. Гэта тыя людзі, якіх трэба прымушаць працаваць. І мы маем гэты вопыт — вопыт савецкіх часоў. Я бачыў, як гэтым займаліся. Так, можа быць, не тыя метады, а можа быць, і тыя", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239