Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/21/899922_123456/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:20
21.04.2017 11:43 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка абвінаваціў гандлёвых партнёраў у пратэкцыянізме

Мінск, 21 красавіка. Пратэкцыянізм негатыўна адбіўся ў рамках ЕАЭС. Гэта прывяло да скарачэння тавараабароту паміж яго членамі, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 21 красавіка са штогадовым пасланнем да народа і парламента.

Паводле яго слоў, таму "ў нейкай меры Беларусь па выніках 2016 года не змагла выйсці на прагнозныя паказчыкі па экспарту, ВУП зменшыўся на некалькі працэнтаў, знізіўся прыток інвестыцый, узмацнілася напружанасць на рынку працы, не ўдалося ўтрымаць на ранейшым узроўні рэальныя даходы насельніцтва".

Наогул, паводле слоў беларускага афіцыйнага лідара, "дастаткова аднаму з важных партнёраў на чымсьці спатыкнуцца, гэта тут жа адчуваецца ў нас".

"Санкцыйныя адносіны падкасілі многіх. Тыя, хто раней ахвотна купляў нашы трактары, грузавікі, сельгастэхніку, бытавую тэхніку, мэблю, адзенне, абутак і іншае, сам ледзьве зводзіў канцы з канцамі. Таму не маглі плаціць і купляць нашы тавары", — канстатаваў прэзідэнт.

У сусветнай эканоміцы, паводле яго слоў, усё больш узмацняецца "прынцып нацыянальнага пратэкцыянізму — кожны сам за сябе. Гэтакі эканамічны нацыяналізм". "Гэта ўскладняе прасоўванне нашай прадукцыі", — канстатаваў Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён сказаў, што "Еўропа, хоць і пайшла з намі на некаторае збліжэнне, па-ранейшаму не дае ходу шэрагу беларускіх вырабаў". "Нас не пускаюць на рынак Еўрасаюза. А мы чаму не адказваем? Чаму не абараняемся? Чаму мы аналагічна ім абсалютна сіметрычна і адэкватна не паказалі каштоўнасць Беларусі? Я чакаю ад урада ў гэтым кірунку канкрэтных дзеянняў", — заявіў Лукашэнка.

"Рынкі краін так званай далёкай дугі даўно падзеленыя, і ўлезці туды цяжэй, чым вярблюду прайсці праз вушка іголкі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што была надзея на створаны Еўразійскі эканамічны саюз. "Пакуль не зусім атрымліваецца. Вядома, заключаць дагаворы аб зоне свабоднага гандлю ЕАЭС з той ці іншай дзяржавай прасцей. А займацца руціннай дзейнасцю па выбудоўванні роўных ўзаемапаважлівых адносін на аснове ўжо падпісаных дзяржавамі-членамі дакументаў — задача, як аказалася, значна больш складаная", — канстатаваў Лукашэнка.

"Мы пастаянна высвятляем адносіны, папракаем адзін аднаго то ў дэмпінгу, то не можам падзяліць агульны крэдытны фонд. Нам усім неабходна зразумець галоўнае. Рынак Еўразійскага эканамічнага саюза — гэта не рынак якой-небудзь адной ці іншай краіны і саюзнікаў, якія далучыліся да яе. Гэта наш агульны, самадастатковы рынак, развіваючы які, мы зможам справіцца з любымі санкцыямі і выйсці з гэтага эканамічнага супрацьстаяння пераможцамі", — упэўнены Лукашэнка.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239