Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/21/899925_589647/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 14:45
21.04.2017 11:42 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка раскрытыкаваў "рэфарматараў ва ўладзе", якія выступаюць за закрыццё стратных заводаў

Мінск, 21 красавіка. Выступаючы 21 красавіка з пасланнем беларускаму народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў асобных прадстаўнікоў улады, якія прапануюць зарываць стратныя прадпрыемствы.

"У нас таксама рэфарматараў (я ўжо прызнаваўся) ва ўладзе хай трохі, але хапае, — сказаў ён. — Скажам, нейкае прадпрыемства, да прыкладу ў Оршы інструментальны завод. Гэтае прадпрыемства ў складаным становішчы. Але нам што, прадукцыя гэтага завода не патрэбная ў Беларусі? Ды яна заўсёды будзе патрэбная. Паўстае пытанне: чаму працуе дрэнна прадпрыемства? Адказ просты: таму што мы ім ніколі не займаліся. Яно ж не ў Мінску, а там, на ўскраіне, там жа не нашы людзі жывуць. Так? І што прапаноўваецца? Кажуць, а што, давайце абвесцім банкрутамі і заўтра закрыем".

"Рэфарматары кажуць, маўляў, перавучыць людзей. У што і на што вы іх будзеце перавучваць? — пацікавіўся Лукашэнка. — Гэта высакакласныя спецыялісты, якія працуюць, напэўна, ужо стагоддзе, дзесяцігоддзе дакладна, якія ўмеюць рабіць той тавар, які сёння патрэбны нашаму народу. Мы іх хочам перавучыць на тое, каб шыць анучы. <...> Мы закрыем прадпрыемства, перавучым людзей на анучы, як я сказаў, а тое, што машынабудаванню нашаму вельмі неабходнае, будзем завозіць з-за межаў. Скажыце, падобныя розумы рэфарматараў на чыёй скрыпцы іграюць?"

Такі прадпрыемствы, паводле слоў Лукашэнкі, неабходна не закрываць, а мадэрнізаваць. "Галоўнае, там ёсць людзі і памяшканне. Калі трэба, купіце і пастаўце станкі, гэта нядорага абыдзецца. Калі мы гэтым зоймемся цэнтралізавана, не будзем адкаты, хабар браць, то людзі, якія ўмеюць рабіць гэты патрэбны для краіны тавар, нам яго выпрацуюць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239