Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/21/899933_123456/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:38
21.04.2017 12:31 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка пра ўмовы МВФ: На 100-працэнтную аплату насельніцтвам паслуг ЖКГ выйдзем не за год-два, а чатыры-пяць гадоў

Мінск, 21 красавіка. Выступаючы 21 красавіка з пасланнем да народа і парламента, Аляксандр Лукашэнка раскрыў падрабязнасці сваёй нядаўняй размовы з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонду, у тым ліку па пытаннях тарыфаў на паслугі ЖКГ.

Беларускія ўлады, нагадаем, вядуць перамовы аб атрыманні новага крэдыту МВФ у 3 млрд долараў прыкладна пад 2,3% тэрмінам на 10 гадоў. У канцы 2016 года прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў, што перамовы праходзяць канструктыўна, але засталіся дзве цяжкія групы пытанняў — аб змяненні тарыфаў ЖКГ і аб удасканаленні працы дзяржсектара эканомікі.

Пытанні супрацоўніцтва Беларусі з МВФ абмяркоўваліся 16 сакавіка на сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком місіі фонду па Беларусi Пітэрам Долманам. "І хачу сказаць, што я не перамовы весці вас запрасіў, — таму што ведаю, што вы актыўна супрацоўнічаеце з нашымі спецыялістамі па праблематыцы адносін з МВФ. У мяне ёсць пара пытанняў, якія я хацеў бы абмеркаваць. Для мяне і краіны яны вельмі важныя", — заявіў тады кіраўнік дзяржавы.

Выступаючы сёння з пасланнем, Лукашэнка паведаміў: "Яны са мной пагадзіліся, што мы не можам за адзін раз за год-паўтара зрабіць 100% плату жыллёва-камунальных паслуг, таму што будуць велізарныя неплацяжы і гэта дэстабілізуе абстаноўку ў грамадстве". "На 100% аплату насельніцтвам паслуг ЖКГ выйдзем не за год-два, а чатыры-пяць гадоў", — сказаў ён.

Лукашэнка запэўніў, што тарыфы будуць павышацца паступова, як і раней, — на пяць долараў у год. "Людзі прывыклі да гэтага. Павышаем па пяць долараў, каб дасягнуць 100%. І зробім гэта не за паўтара года, а за чатыры-пяць — зробім. Проста зламаць сістэму, а вось стварыць новае будзе значна цяжэй. Будзьце больш акуратнымі. У нас створана сістэма, яе трэба прымусіць працаваць", — сказаў ён.

Беларускі кіраўнік лічыць заўчасным цалкам аддаць сістэму ЖКГ прыватным кампаніям і перасцярог ад гэтага на вопыце Расіі: "Глядзіце не паўторыце горкі вопыт нашай брацкай Расіі. Яны даручылі прыватнікам, а цяпер не ведаюць, што рабіць. Разбурылі савецкую, як яе называюць, кансерватыўную сістэму. Калі вы не ведаеце, што адбылося, вас Анфімаў (Леанід Анфімаў, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю. — БелаПАН.) завязе ва Уладзімірскую вобласць, дзе яго радзіма, і пакажа, што атрымалася. Перш чым усё перадаць, паспрабуйце гэту сістэму (а яна ў нас пабудаваная) прымусіць працаваць. А яе можна прымусіць працаваць", — перакананы Лукашэнка.

Ён адзначыў, што даручэнне па рэформе ЖКГ у Мінску "ў гэтым плане" не выканана, і паабяцаў з гэтым разабрацца.

Лукашэнка таксама нагадаў аб перакрыжаваным субсідзірванні паслуг ЖКГ. "Анфімаву пастаўлена задача: яшчэ раз па другім крузе прайсці і "прашарсціць" кошт і сабекошт ЖКГ. Вы гэта павінны зрабіць аператыўна, каб я яшчэ раз, вярнуўшыся да гэтага пытання, падпісаў указ па цэнах на гэтыя паслугі (па тарыфах). Трэба яшчэ апусціць гэтыя тарыфы на 10%. Няхай жыллёва-камунальныя арганізацыі жывуць без жыру: па сабекошце працуюць або з невялікім рэзервам. Але я ўпэўнены, што сёння не 65-70% будзе кампенсацыя насельніцтва, калі мы паглядзім цэны на гэтыя паслугі, а будзе 85%", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Ён паабяцаў у выпадку неабходнасці адкарэктаваць і сістэму безнаяўных жыллёвых субсідый. "Павышэнне тарыфаў магчымае толькі пры ўмове павышэння якасці паслуг, зніжэння выдаткаў і росту заработнай платы і даходаў насельніцтва", — рэзюмаваў Лукашэнка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239