Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/24/900246_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:25
24.04.2017 13:06 Палітыка, Грамадства

У Гомелі начальнік аховы "Еўраопта" выклікаў міліцыю на праваабаронцаў, якія распаўсюджвалі спецвыпуск "Народнай волі"

Гомель, 24 красавіка. У Гомелі 23 красавіка праваабаронцы Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны распаўсюджвалі газету "Народная воля" з адмысловым дадаткам, прысвечаным 31-й гадавіне аварыі на ЧАЭС. Акцыя праходзіла на тэрыторыі супермаркета "Еўраопт" на вуліцы Хатаевіча.

Як расказаў БелаПАН Судаленка, распаўсюджванню газеты перашкодзіў начальнік аховы магазіна. Ён пераконваў удзельнікаў акцыі, што нельга раздаваць друкаваную прадукцыю, таму што "Еўраопт" — прыватная тэрыторыя. "Я ў яго пацікавіўся, дзе прапісана, што гэты гандлёвы аб'ект — прыватная тэрыторыя, і прапанаваў тады выгнаць з крамы ўсіх пакупнікоў, раз гэта прыватная тэрыторыя. Я таксама іх пакупнік — раздам газету і пайду набываць у іх хлеб і соль", — сказаў праваабаронца.

Начальнік аховы выклікаў міліцыю. Супрацоўнікі дэпартамента аховы сказалі, што такія сітуацыі — не ў іх кампетэнцыі. Судаленка правёў для іх лікбез па тэме правы на распаўсюд друкаваных выданняў. Услед за дэпартаментам аховы прыехаў прадстаўнік РАУС. "Ён мяне пазнаў, спытаў, ці я адвакат дармаедаў, і ў прынцыпе не меў да нас прэтэнзій, кудысьці патэлефанаваў, выклікаў участковага. Той перапісаў нашыя дадзеныя, сказаў, што мы нічога не парушаем, і рэціраваўся", — дадаў Судаленка.

Пасля праваабаронцы перамясціліся ў супермаркет "Алмі", дзе без праблем раздалі яшчэ каля 2 тысяч асобнікаў "Народнай волі". "Начальнік аховы" Алмі "таксама ўзяў у нас газету, пачытаў яе і не меў да нас прэтэнзій. Людзі ахвотна бралі выданне, адзін чалавек удакладніў — а гэтая газета пра Пазняка? Іншы пакупнік спытаў, ці піша выданне праўду? Яшчэ адзін сказаў, што "Народная воля" ёсць, а вось волі ў народа няма", — расказаў праваабаронца.
Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239