Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/26/900366_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:17
26.04.2017 09:47 Грамадства

31 год таму здарылася чарнобыльская катастрофа

Мінск, 26 красавіка. Самая буйная ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа адбылася 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое што станцыя размешчаная ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку аварыі, асела на тэрыторыі Беларусі.

Ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы пацярпела каля 2 млн жыхароў Беларусі, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. Тэрыторыя краіны на доўгі час стала зонай экалагічнага бедства.

На сёння ў зоне радыеактыўнага забруджвання знаходзіцца 2.371 населены пункт. Колькасць насельніцтва, якое пражывае ў забруджанай зоне, складае каля 1,1 мільёна чалавек (12% усяго насельніцтва краіны).

Беларускія ўлады маюць намер адрадзіць пацярпелыя землі, зрабіць іх прыдатнымі для пражывання і вырошчвання прадуктаў харчавання. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы 25 красавіка 2016 года ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай беларускім урадам і Праграмай развіцця ААН. Прэзідэнт і ўрад, паводле слоў Макея, "думаюць пра тое, каб быў забяспечаны жорсткі радыяцыйны кантроль за выраблянай прадукцыяй, у тым ліку на землях, якія ў свой час пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы".

Супраць гаспадарчага асваення і засялення забруджаных тэрыторый выступаюць прадстаўнікі беларускай апазіцыі і эколагі. Яны таксама патрабуюць ад уладаў спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС, раскрыць праўдзівую інфармацыю аб наступствах аварыі на ЧАЭС у Беларусі, забяспечыць сістэмны і даступны грамадзянам радыелагічны кантроль.

Сёння ў Мінску пройдзе традыцыйная акцыя "Чарнобыльскі шлях".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН