Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/26/900369_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.07.2021 08:27
26.04.2017 10:05 Эканоміка

Расія вярнула ў Беларусь дзве партыі мяса вагой 10 тон без ветэрынарных дакументаў

Мінск, 26 красавіка. Рассельгаснагляд накіраваў Беларусі запыты ў сувязі з вяртаннем больш за 10 тон мяса, увезеных на тэрыторыю Расіі без ветэрынарных дакументаў.

Як паведамляе прэс-служба ўпраўлення Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях, 24 красавіка ў пункце папярэдняга паведамлення "Красная Горка" затрымана тры тоны астуджанага мяса ялавічыны. Інспектары выявілі, што мяса не мела ветэрынарных клеймаў і перавозілася навалам у аўтатранспартным сродку, не абсталяваным халадзільнай устаноўкай і сродкамі ўліку і кантролю тэмпературы.

Разам з тым перавозчык выставіў расійскім інспектарам пакет таварна-суправаджальных дакументаў, у тым ліку і ветэрынарнае пасведчанне дзяржаўнай ветэрынарнай службы Мінскай вобласці ад 14 красавіка 2017 года. У адпаведнасці з гэтым дакументам, прадукцыя была выпрацаваная ў Смалявіцкім раёне дзяржпрадпрыемствам "ЖодзінаАграПлемЭліта" і накіроўвалася ў адрас магілёўскага індывідуальнага прадпрымальніка Кароткіна А.В.

"Якім чынам забароненая да ўвозу прадукцыя апынулася на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, ні перавозчык, ні вытворца, ні атрымальнік прадукцыі патлумачыць не змаглі. Роўна як і чаму спецыялісты беларускай ветэрынарнай службы сертыфікуюць мяса без ветэрынарных клеймаў", — адзначылі ва ўпраўленні расійскага ведамства.

За дзень да гэтага ў тым жа пункце папярэдняга паведамлення па тых жа падставах было затрымана сем тон мяса. Груз у адпаведнасці з ветэрынарнымі суправаджальнымі дакументамі прызначаўся беларускім індывідуальным прадпрымальнікам, аднак апынуўся на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Як і ў папярэднім выпадку, сертыфікацыя мяса ажыццяўлялася без яго кляймення.

Адпаведны запыт накіраваны ў дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Рэспублікі Беларусь з хадайніцтвам аб правядзенні расследаванняў і недапушчэнні падобных выпадкаў у далейшым.

Мясная прадукцыя вернутая беларускаму адпраўніку з-за адсутнасці гарантый бяспекі.

Таксама, паведамляе ведамства, на гэтым тыдні ў пункце прыняцця паведамленняў "Красны Камень" упраўленнем Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях забаронены ўвоз гатовых мясных вырабаў вытворчасці ААТ "Бабруйскі мясакамбінат".

Груз вагой больш за паўтоны суправаджаўся ветэрынарным сертыфікатам Дзяржаўнай ветэрынарнай службы Беларусі ад 20 красавiка 2017 года. "Пры правядзенні ветэрынарнага кантролю устаноўленыя сляды перамаркіравання прадукцыі. З прычыны таго што дакументарныя гарантыі з'явіліся беспадстаўнымі, груз вернуты адпраўніку", — заяўляе прэс-служба ведамства.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239