Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/26/900411_445566/
Дата раздрукоўкі: 24.07.2021 07:27
26.04.2017 13:15 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Беларусь гатовая працягваць садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню крызісу ва Украіне

фота: ukranews.com
Мінск, 26 красавіка. Беларусь гатовая і ў далейшым садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню крызісу ва Украіне, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам ў Чарнобылі.
"Пётр Аляксеевіч і ўвесь украінскі народ ведаюць нашу пазіцыю — мір і толькі мір. Украінцы ніколі для беларусаў не былі чужымі людзьмі. Падабаецца гэта камусьці ці не падабаецца — ва Украіне, а магчыма, і ў Беларусі, балазе, што амаль няма такіх у нас, — але мы родныя людзі. Мы заўсёды жылі разам, асабліва на гэтай тэрыторыі. Нас ніхто не можа раздзяліць", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"Вы нават не кажыце на тэму таго, што беларусы могуць зрабіць неяк інакш, чым робяць цяпер. Мы родныя людзі, мы можам толькі прыйсці да вас ці, як я казаў, прыехаць на трактары, дапамагчы вам араць зямлю, калі гэта трэба", — дадаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь будзе "працаваць толькі дзеля міру". "У нас няма іншай мэты, — запэўніў ён. — І гэта не толькі мая пазіцыя — гэта пазіцыя ўсяго беларускага народа: як мага хутчэй трэба спыніць гэтыя міжусобныя звадка, спыніць высвятленне адносін са зброяй, глядзець з асцярогай адзін на аднаго. У нас выдатная, залатая зямля, на якой заўсёды жылі ў дастатку нашы людзі".

Паводле слоў беларускага кіраўніка, асабіста для яго ўкраінская зямля таксама не чужая. "Таму мы будзем рабіць усё дзеля таго, каб у нас заўсёды быў мір і прыстойныя адносіны", — сказаў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што другая частка гэтай сустрэчы прэзідэнтаў пройдзе на беларускай тэрыторыі і будзе тычыцца жыцця людзей і эканомікі. "І нашы людзі, і ўкраінцы паводле вынікаў гэтай сустрэчы і перамоў змогуць на фактах пераканацца ў тым, што мы будзем прытрымлівацца курсу дружбы і ўзаемнага супрацоўніцтва. Суседзяў не выбіраюць, таму будзьце ўпэўненыя, што беларусы былі і будуць заўсёды надзейнымі сябрамі", — заявіў Лукашэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239