Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/26/900427_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:19
26.04.2017 13:47 Эканоміка

Нацыянальны банк: МВФ бачыць прагрэс у дзейнасці Нацбанка і ўрада Беларусі

Мінск, 26 красавіка. Міжнародны валютны фонд бачыць прагрэс у рэалізацыі палітыкі, якую праводзяць эканамічныя ўлады Беларусі, паведаміў 26 красавіка Нацбанк па выніках візіту беларускай дэлегацыі ў Вашынгтон на вясновую сесію МВФ і Сусветнага банка.

Падчас візіту беларуская дэлегацыя сустрэлася з намеснікам дырэктара-распарадчыка МВФ Міцухіра Фурусавам, дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Полам Томсэнам, кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам.

Як зазначае Нацбанк, падчас сустрэч "абмяркоўваліся бягучы стан і тэндэнцыі ў эканамічным развіцці Беларусі, а таксама ключавыя меры эканамічнай палітыкі, якія могуць быць падтрыманыя рэсурсамі фонду".

"Кіраўніцтва МВФ адзначыла прагрэс у рэалізацыі ўрадам і Нацыянальным банкам мер макраэканамічнай палітыкі, бакі абмеркавалі напрамкі і перспектывы далейшага супрацоўніцтва, уключаючы прадастаўленне тэхнічнай дапамогі МВФ беларускаму боку. Па выніках сустрэч адзначана, што дыялог Беларусі і МВФ будзе працягнуты", — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

Варта зазначыць, што 21 красавіка ў парламенце Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанне супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам і даў зразумець: беларускі бок не падзяляе рэкамендацыі МВФ па шэрагу ключавых пытанняў.

"Яны (МВФ) нам прапісалі матрыцу, мы селі, паглядзелі. Падыходзіць. Гэта не можам. ЖКП. Не можам напружваць народ, цяжка яму зараз. Па дзяржпрадпрыемствах. Не, гэта мы не зможам сёння зрабіць. Не таму, што гэта няправільна. Таму, што нам пакуль гэта не падыходзіць. Нам трэба разабрацца спачатку з гэтымі прадпрыемствамі", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён даручыў Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, нягледзячы на рэкамендацыі МВФ, якія тычацца лібералізацыі цэнаўтварэння, працягваць кантраляваць цэны.

Незалежныя эксперты мяркуюць, што заявы Лукашэнкі пра неабходнасць кантролю за цэнамі не будуць ухваленыя прадстаўнікамі МВФ, і заключэнне крэдытнай праграмы Беларусі з фондам у найбліжэйшы час малаверагодна.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239