Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/26/900431_222555/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:15
26.04.2017 14:31 Грамадства

На калегіі МУС пойдзе гаворка пра ўдасканаленне дзейнасці па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму

Мінск, 26 красавіка. Пытанні ўдасканалення службовай дзейнасці па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму, а таксама выканання адміністрацыйных працэдур у органах унутраных спраў будуць абмяркоўвацца 27 красавіка на калегіі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, паводле вынікаў 2016 года колькасць ДТЗ з пацярпелымі ў параўнанні "з папярэднім перыядам" знізілася на 12%. Колькасць загінулых у аўтааварыях зменшылася на 76 чалавек (-11,4%), траўмаваных — на 501 (-11,3%). Скарацілася колькасць ДТЗ па віне вадзіцеляў, якія кіравалі транспартным сродкам у стане ап'янення (-23,5%). У студзені—сакавіку гэтага года ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага ў два разы менш стала "п'яных" аварый.

У МУС канстатуюць, што нягледзячы на змяншэнне колькасці ДТЗ (-16,2%) і параненых у іх людзей (-18%), у першым квартале гэтага года адзначаны рост загінулых (з 89 да 93).

Амаль кожны другі загінулы (43%) быў пешаходам, пераважная большасць такіх выпадкаў зарэгістраваныя ў цёмны час сутак. Палова пешаходаў, якія атрымалі смяротныя траўмы, у парушэнне правілаў дарожнага руху не выкарыстоўвалі святлоадбіўныя элементы. Кожны чацвёрты ў момант аўтанаезду знаходзіўся ў стане ап'янення.

У МУС лічаць, што рэальна паўплываць на праблему гібелі людзей на дарогах можа толькі цеснае ўзаемадзеянне і комплексная сумесная праца ўсіх зацікаўленых.

"Так, з улікам станоўчай практыкі рэалізацыі ў Мінску канцэпцыі "Добрая дарога", што забяспечыла эфектыўную каардынацыю дзеянняў усіх зацікаўленых у прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму, аналагічны падыход плануецца выкарыстоўваць у маштабах рэспублікі. Асаблівая ўвага таксама будзе нададзеная правядзенню на сістэмнай аснове прафілактычных мерапрыемстваў па зніжэнні ўзроўню траўмавання дзяцей, ДТЗ з удзелам мотатранспарту і інш.", — паведамляе МУС.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239