Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/26/900433_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:15
26.04.2017 14:09 Палітыка

У Мінску пачалося пасяджэнне кантактнай групы па Украіне

Мінск, 26 красавіка. У Мінску пачалося пасяджэнне кантактнай групы па Украіне, паведамляе ў "Фэйсбуку" Дар'я Оліфер — прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах, экс-прэзідэнта Леаніда Кучмы.

Сустрэчы папярэднічалі перамовы падгруп па палітычных, эканамічных і гуманітарных пытаннях. Пасяджэнні ў "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме.

Папярэднія перамовы кантактнай групы ў Мінску адбыліся 12 красавіка. Па іх выніках спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік выказаў надзею, што на велікодныя святы на Данбасе будзе выконвацца рэжым спынення агню. Прадстаўнік АБСЕ таксама адзначыў актывізацыю абмену зняволенымі паміж бакамі канфлікту. Нягледзячы на абвешчанае перамір'е, ужо 16 красавіка, у дзень Вялікадня, бакі абвінавацілі адзін аднаго ў парушэнні рэжыму спынення агню.

23 красавіка недалёка ад Луганска быў падарваны аўтамабіль Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне (СММУ), загінуў назіральнік місіі — грамадзянін ЗША, яшчэ два чалавекі (грамадзяне Германіі і Чэхіі) атрымалі раненні. Інцыдэнт адбыўся на тэрыторыі, падкантрольнай сепаратыстам. 24 красавіка МЗС Беларусі выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з інцыдэнтам і заклікаў старанна расследаваць усе акалічнасці трагедыі і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца з візітам у Чарнобылі, на сустрэчы з украінскім калегам Пятром Парашэнкам 26 красавіка заявіў, што Беларусь гатовая і надалей спрыяць мірнаму ўрэгуляванню крызісу ва Украіне. "І гэта не толькі мая пазіцыя — гэта пазіцыя ўсяго беларускага народа: як мага хутчэй трэба спыніць гэтыя міжусобныя звадкі, спыніць высвятленне адносін са зброяй, глядзець з асцярогай адзін на аднаго. У нас выдатная, залатая зямля, на якой заўсёды жылі ў дастатку нашы людзі", — сказаў афіцыйны лідар.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН