Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/26/900434_900447/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 23:03
26.04.2017 14:58 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Магчымасці супрацоўніцтва Беларусі і Украіны ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі выкарыстоўваюцца не ў поўным аб'ёме

Мінск, 26 красавіка. Патэнцыял магчымасцяў супрацоўніцтва Беларусі і Украіны ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС выкарыстоўваецца не ў поўным аб'ёме, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка падчас сустрэчы з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам у Чарнобылі.

"І беларусы, і ўкраінцы разумеюць, што чарнобыльская катастрофа не ведае межаў, — цытуе Лукашэнку прэс-служба беларускага прэзідэнта. — Нашы дзяржавы імкнуцца разам пераадольваць гэтую бяду. Рэалізаваны шэраг сумесных мерапрыемстваў у галіне радыеэкалагічнага маніторынгу і радыяцыйнага кантролю, сельскай і лясной гаспадаркі, каардынацыі навуковай і інфармацыйнай працы. Мы паспяхова ўзаемадзейнічаем у межах чарнобыльскіх праектаў міжнародных арганізацый. Аднак патэнцыял магчымасцяў супрацоўніцтва Беларусі і Украіны выкарыстоўваецца далёка не ў поўным аб'ёме. Упэўнены, што нашы навукоўцы, медыкі, эколагі — усе, хто ў Беларусі і ва Украіне працуе на ліквідацыю наступстваў аварыі, захаванне здароўя людзей на пацярпелых тэрыторыях, — могуць і павінны зрабіць значна больш".

Паводле слоў Лукашэнкі, Украіна зараз распрацоўвае новую стратэгію пераадолення наступстваў катастрофы, плануе стварыць радыяцыйна-экалагічны біясферны запаведнік ў чарнобыльскай зоне адчужэння. "Вы можаце разлічваць на нашу сумесную працу з выкарыстаннем вопыту Палескага запаведніка", — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што праца па пераадоленні наступстваў катастрофы "дала сур'ёзны штуршок" укараненню інавацыйных метадаў у аграпрамысловым комплексе, лясной гаспадарцы Беларусі. "Мы навучыліся жыць і працаваць на тых землях, якія раней здавалася немагчымым вярнуць да жыцця. Гатовыя дзяліцца з Украінай сваімі ведамі і ў гэтай галіне, — падкрэсліў ён. — У 2016 годзе сумеснымі намаганнямі мы здолелі дамагчыся працягу міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва пад эгідай ААН. Цікавасць сусветнай супольнасці да нашага горкага і разам з тым унікальнага вопыту па пераадоленні медыцынскіх, экалагічных, сацыяльных, эканамічных наступстваў катастрофы вельмі высокі".

Пры гэтым, сказаў Лукашэнка, часам спрабуюць зрабіць так, каб пра чарнобыльскую трагедыю забыліся. "Міжнародная супольнасць нібыта ўсё зрабіла для таго, каб тут быў парадак. Дый у нашых краінах праз час сёй-той пачаў забываць пра небяспеку", — адзначыў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусі і Украіне "каштавала немалой працы, каб разам у ААН даказаць усяму свету, што небяспека застаецца і з ёй неабходна змагацца заўсёды, пакуль наступствы катастрофы не будуць канчаткова пераадоленыя". "Існы ў нас вопыт трэба выкарыстаць у тым ліку ў сумесных праектах па адраджэнні пацярпелых тэрыторый. Таксама пры падтрымцы ААН і партнёраў", — лічыць ён.

Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што на пераадоленне найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы дзяржавы накіроўваюць велізарныя сродкі. "Думаючы пра бяспеку будучых пакаленняў, мы накіроўваем сродкі ў ахоўныя мерапрыемствы на месцах, інвестуем у чалавечыя рэсурсы, навуку, сучасныя тэхналогіі і вытворчасць", — сказаў ён.

"Падзеяй для ўсіх нас — беларусаў, украінцаў, для Еўропы ў цэлым — стала ўзвядзенне саркафага над разбураным чацвёртым энергаблокам Чарнобыльскай АЭС. Гэта ўнікальнае збудаванне, якому на сённяшні дзень няма роўных. Больш за тое, узвядзенне аб'екта пры падтрымцы 40 краін — важны сімвал міжнароднай салідарнасці", — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, саркафаг дапаможа ізаляваць крыніцу радыяцыі на разбураным энергаблоку максімум на сто гадоў. "Гэта не мала, калі мераць даўжынёй чалавечага жыцця, але і не так шмат, калі думаць пра будучыя пакаленні. Гэтая велізарная праца, якую правялі вашы гераічныя людзі ў самай бруднай, цяжкай зоне, дае магчымасць назапасіць большы вопыт у барацьбе з такімі з'явамі", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кожны год у красавіку ў гэты час ён бывае ў беларускіх вёсках, размешчаных у зоне радыеактыўнага забруджвання. "І пераконваюся, што настрой людзей змяняецца — у іх з'явілася надзея на адраджэнне і на бяспечную будучыню родных мясцін. Гэта галоўны вынік нашых намаганняў — вера людзей у тое, што мы працуем дзеля іх", — лічыць Лукашэнка.

Ён назваў 26 красавіка журботнай датай у гісторыі ўсяго свету. "Сёння мы аддаем даніну подзвігу ліквідатараў. Яны першымі паўсталі на барацьбу з нябачным ворагам і, рызыкуючы жыццём, у рэкордныя тэрміны ўзвялі першы саркафаг над разбураным чацвёртым энергаблокам ЧАЭС", — сказаў Лукашэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239