Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/27/900584_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:08
27.04.2017 13:35 Палітыка

Макей: Вельмі хацелася б, каб Вашынгтон адмовіўся ад палітычнай інерцыі ў дачыненні да нашай дзяржавы

Мінск, 27 красавіка. "Вельмі б хацелася, каб Вашынгтон адмовіўся ад палітычнай інерцыі ў адносінах да нашай дзяржавы", — гаворыцца ў артыкуле міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макей для часопіса "Беларуская думка". Тэкст артыкула, прысвечанага 25-годдзю знешняй палітыкі незалежнай Беларусі, апублікаваны на сайце МЗС.

Макей адзначыў, што цяпер у стасунках Беларусі і ЗША намецілася станоўчая дынаміка. "Адмененыя санкцыі супраць "Беларуснафты", "Белтэхэкспарта", "БелОМА", знятыя перашкоды для працы Беларускай калійнай кампаніі на амерыканскім рынку, — адзначыў міністр. — Вашынгтон адмовіўся ад дзейнай раней негатыўнай рэкамендацыі сваім бізнесменам і інвестарам у дачыненні да працы з нашай краінай, падтрымлівае ўступленне Беларусі ў СГА, не замінае развіццю сувязяў паміж рэгіёнамі".

Макей падкрэсліў, што Беларусь і ЗША традыцыйна супрацоўнічаюць у галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, абароны правоў інтэлектуальнай уласнасці. Кантактуюць праваахоўныя органы, у прыватнасці па лініі барацьбы з кіберзлачыннасцю. "Дасягнута дамоўленасць аб пачатку беларуска-амерыканскага эканамічнага дыялогу. Павысілася вядомасць Беларусі ў ЗША сярод палітыкаў, бізнесменаў, простых грамадзян, — адзначыў Макей. — Усё гэта выклікае асцярожны аптымізм і надзею на тое, што з прыходам да ўлады новай амерыканскай адміністрацыі з'явілася магчымасць калі не пачаць з чыстага ліста, то як мінімум ажыццявіць "перазагрузку" нашых адносін".

Паводле слоў Макея, ключавой задачай з'яўляецца далейшая актывізацыя дыялогу са Злучанымі Штатамі Амерыкі. "ЗША дэ-факта застаюцца супердзяржавай, якая шмат у чым вызначае ход сусветных падзей, — падкрэсліў кіраўнік МЗС. — На жаль, большасць праектаў супрацоўніцтва былі згорнутыя пасля абвяшчэння Белым домам у студзені 1997 года палітыкі "выбіральнага ўзаемадзеяння" ў дачыненні да Беларусі. Разам з тым нават у часы вострых палітычных рознагалоссяў захоўваліся агульныя інтарэсы і супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння рэгіянальнай і глабальнай бяспекі".

У прыватнасці, адзначыў Макей, у рамках "Паўночнага маршруту дастаўкі" Беларусь падавала сваю тэрыторыю для транспарціроўкі грузаў для Міжнародных сіл спрыяння бяспецы ў Афганістане.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239