Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/27/900593_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:33
27.04.2017 11:30 Эканоміка

Леанід Заяц: Глабальных заўваг да якасці беларускай прадукцыі ў Рассельгаснагляда няма

Мінск, 27 красавіка. Глабальных заўваг да якасці беларускай прадукцыі Рассельгаснагляд не мае, паведаміў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц 27 красавіка падчас 3-га экспартнага форуму "Беларусь малочная" ў Мінску.
Ён нагадаў, што з 5 па 13 красавіка спецыялісты Рассельгаснагляда праверылі восем беларускіх прадпрыемстваў. "На гонар нашым прадпрыемствам, глабальных заўваг да якасці беларускай прадукцыі няма, яна не нясе ніякіх рызык для чалавека", — сказаў міністр. У выніку праверак, дадаў ён, былі адкрытыя для паставак у Расію два прадпрыемствы — "Бабулін гладыш" і "Вялес-Міт".

Па выніках праверкі Рассельгаснагляд накіраваў у Мінсельгасхарч Беларусі спіс заўваг. Некаторыя заўвагі беларускі бок лічыць "прадузятымі і перакручанымі", заявіў Заяц.

Паводле яго слоў, да 1 мая спецыялісты Мінсельгасхарча плануюць правесці чарговыя перамовы з Рассельгаснаглядам, каб працягнуць дыялог па зняцці абмежаванняў з беларускіх прадпрыемстваў.

У сваю чаргу 1 мая чакаецца візіт у Беларусь групы спецыялістаў Рассельгаснагляда з мэтай інспекцыі астатніх 12 прадпрыемстваў, якія пакуль не могуць пастаўляць прадукцыю ў Расію.

Кіраўнік Мінсельгасхарча падкрэсліў, што яны прыязджаюць па просьбе беларускага боку. "Я лічу, што нашы прадпрыемствы гатовы да праверкі любога ўзроўню", — дадаў Заяц.

Абмежаванні на пастаўку ў Расію прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў АПК былі ўведзеныя ў канцы 2016 года — Рассельгаснагляд усумніўся ў яе якасці.

3 лютага гэтага года Аляксандр Лукашэнка даручыў разгледзець пытанне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляда Сяргея Данкверта за нанясенне шкоды Беларусі. 7 лютага МУС праінфармаваў пра пачатак даследчых праверак у дачыненні да шэрагу службовых асобаў Рассельгаснагляда. У адказ Данкверт парэкамендаваў навесці парадак на беларускіх прадпрыемствах.

У канцы сакавіка Данкверт у пісьмовай форме праз Генпракуратуру РФ адказаў на пытанні беларускіх праваахоўнікаў, падрабязна патлумачыўшы прычыны забароны на ўвоз мясной і малочнай прадукцыі з шэрагу прадпрыемстваў Беларусі.

3 красавіка пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу Уладзімір Пуцін даручыў ураду РФ праверыць якасць прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў АПК, "у дачыненні да якіх узніклі нейкія сумневы".
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239