Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/27/900602_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:07
27.04.2017 14:04 Палітыка, Эканоміка

Макей: Ніхто не здолее пасварыць дружалюбныя Беларусь і Расію

Мінск, 27 красавіка. Падзеі і працэсы, якія адбываюцца ў рэгіёне, накладваюць адбітак і на беларуска-расійскія адносіны, але ніхто не здолее пасварыць дружалюбныя краіны. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у артыкуле, прысвечаным 25-годдзю знешняй палітыкі незалежнай Беларусі, які апублікаваны ў часопісе "Беларуская думка".

"Некаторыя палітыкі, ангажаваныя СМІ, і эксперты спрабуюць культываваць у расіян імідж Беларусі як  "нахлебніка Расіі". Натуральнае імкненне Мінска нармалізаваць адносіны з ЕС і ЗША, наблізіцца хаця б да таго ўзроўню супрацоўніцтва з Захадам, які існуе ў Расійскай Федэрацыі і іншых постсавецкіх краін, трактуецца як "адыход Беларусі на Захад", неналежнае выкананне саюзных абавязацельстваў. Часта штучна ствараюцца праблемы ў сферах гандлёва-эканамічнага, паліўна-энергетычнага, прыгранічнага і іншага ўзаемадзеяння", — піша Макей.

Аднак, адзначае ён, "і ў кіраўніцтва, і ў народаў Беларусі і Расіі ёсць унутранае перакананне, што ўся гэтая пена ў чарговы раз схлыне, што ніхто не здолее пасварыць дружалюбныя дзяржавы, каб задаволіць меркантыльныя інтарэсы, разарваць інтэграцыйныя сувязі, якія не маюць аналагаў на постсавецкай прасторы".

Як адзначаецца ў артыкуле, за гады незалежнасці Беларусь пабудавала трывалы фундамент адносін з ключавым стратэгічным партнёрам — Расіяй — як на двухбаковай аснове, так і ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў. Па выніках 2016 года аб'ём узаемнага тавараабароту склаў 26,1 млрд долараў, экспарт у Расію дасягнуў 10,8 млрд долараў, імпарт з Расіі — 15,3 млрд долараў. Беларусь заняла чацвёртае месца ў спісе найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Расіі. У 2016 годзе на долю Расіі прыпала больш за палову ад агульнага аб'ёму прыцягнутых у Беларусь замежных інвестыцый за гэты перыяд.

"Кожнае другое беларускае прадпрыемства цесна звязанае з расійскімі партнёрамі кааперацыйнымі адносінамі. Актыўна развіваецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Сярод знакавых сумесных праектаў — будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы", — адзначае аўтар.

Макей звяртае ўвагу на тое, што на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы беларусы і расіяне "маюць у цэлым роўныя правы ў сферах працаўладкавання, адукацыі, сацзабеспячэння, медыцыны, набыцця жылля, вядзення бізнесу". "Грамадзяне вольныя ў свабодзе перамяшчэння, выбары месца жыхарства. За кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы фінансуецца шэраг саюзных праграм у розных галінах: космас, інфармацыйныя тэхналогіі, мікраэлектроніка, сельская гаспадарка, пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС", — гаворыцца ў артыкуле кіраўніка беларускага МЗС.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239