Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/27/900605_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:33
27.04.2017 14:18 Палітыка, Эканоміка

Макей: Асноўныя мэты ЕАЭС дагэтуль не дасягнутыя

Мінск, 27 красавіка. Асноўныя мэты Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) — стварэнне ўмоў для свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы без выключэнняў і абмежаванняў, рэалізацыя ўзгодненай палітыкі ў ключавых сектарах эканомікі — дагэтуль не дасягнутыя, канстатуе міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

У артыкуле, прысвечаным 25-годдзю знешняй палітыкі незалежнай Беларусі, які апублікаваны ў часопісе "Беларуская думка", ён, у прыватнасці, адзначае: "Не выпрацаваны механізм функцыянавання ЕАЭС ва ўмовах прымянення адной з дзяржаў — членаў саюза аднабаковых мер абароны рынку ў дачыненні да трэціх дзяржаў, а з ім не вырашана і прынцыповае пытанне забеспячэння свабоды транзітных перавозак грузаў з трэціх краін праз дзяржавы — члены ЕАЭС".

На думку аўтара, неабходна на практыцы забяспечыць кампаніям краін ЕАЭС роўны доступ да дзяржзакупак у дзяржавах-членах, а таксама выпрацоўваць, узгадняць і ўжываць меры абароны ўнутранага рынку. "Трэба рухацца крок па кроку далей і ў іншых галінах, на якія распаўсюджваецца дзеянне дамовы аб ЕАЭС: правядзенне ўзгодненай прамысловай, аграпрамысловай, транспартнай, валютнай палітыкі, лібералізацыя гандлю паслугамі ў межах саюза, супрацоўніцтва ў сферы працоўнай міграцыі", — піша Макей.

Беларусь, падкрэслівае ён, паслядоўна выступае за фарміраванне "ўстойлівых механізмаў дыялогу і супрацоўніцтва" паміж ЕАЭС і Еўрасаюзам, аднак еўразійская інтэграцыя не павінна абмяжоўвацца толькі заходнім напрамкам. "Найважнейшай задачай павінна стаць цеснае ўзаемадзеянне з дзяржавамі і эканамічнымі аб'яднаннямі на Усходзе, у тым ліку з Кітаем, дзяржавамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, іншымі партнёрамі", — гаворыцца ў артыкуле.

На думку кіраўніка беларускага МЗС, істотную карысць у рэалізацыі гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных інтарэсаў "магло б прынесці спалучэнне аб'яднаўчых працэсаў у ЕАЭС з развіццём інтэграцыі ў межах ШАС, АСЕАН і іншых рэгіянальных саюзаў".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239