Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/27/eu_eu_900608_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:38
27.04.2017 12:51 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Макей: Еўропа — асноўная крыніца інвестыцый і крэдытных рэсурсаў у беларускую эканоміку

Мінск, 27 красавіка. "За апошнія гады на еўрапейскім вектары знешняй палітыкі бакамі зроблена больш, чым, умоўна кажучы, за два дзесяцігоддзі "санкцыйнай дыпламатыі". Актывізаваныя кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях. Пашырана тэматыка ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам", — піша міністр замежных спраў Уладзімір Макей у артыкуле, прысвечаным 25-годдзю знешняй палітыкі незалежнай Беларусі, апублікаваным у часопісе "Беларуская думка".
Ён адзначае, што "змяненне ўспрымання Беларусі з прычыны яе збалансаванай знешнепалітычнай лініі, у тым ліку па ўкраінскім пытанні", спрыяла паляпшэнню адносін краіны з Захадам.

У 2014—2015 гадах, нагадвае Макей, бакі правялі шэсць раўндаў кансультацый па пытаннях мадэрнізацыі, перамоў па праектах пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі. У кастрычніку 2016-га Беларусь і ЕС падпісалі дэкларацыю аб партнёрстве дзеля мабільнасці, а ў лістападзе - адбыўся першы ў гісторыі візіт у Беларусь дэлегацыі камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС у складзе пастаянных прадстаўнікоў усіх 28 краін — членаў Еўрасаюза.

Акрамя таго, адзначае міністр, створана аснова для структураванага дыялогу ў межах Каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС. "У маі 2015 года з Еўракамісіяй прынятая дамоўленасць аб супрацоўніцтве па механізме ранняга папярэджання ў сферы энергетыкі. У 2015 годзе Беларусь стала аўтарам новай флагманскай ініцыятывы па гарманізацыі лічбавых рынкаў краін — членаў ЕС і краін-партнёраў, ухваленай удзельнікамі ЕС і Усходняга партнёрства і прынятай да рэалізацыі", — гаворыцца ў артыкуле.

Макей таксама звяртае ўвагу на пазітыўны зрух у двухбаковых адносінах Беларусі з дзяржавамі — членамі Еўрасаюза.

Еўропа, гаворыцца ў артыкуле, застаецца другім па значнасці рынкам збыту для беларускіх тавараў. У агульным аб'ёме знешняга гандлю Беларусі ў 2016 годзе краіны ЕС склалі каля 22%, у агульным аб'ёме беларускага экспарту — каля 25%. "Дарэчы, за апошнія 20 гадоў пры ўсіх санкцыях, адсутнасці асноватворных дагавораў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам ўзаемны гандлёвы абарот вырас у 40 разоў і яшчэ ў 2014 годзе склаў 20 млрд долараў. Прычым Беларусь — адна з нешматлікіх краін, якія маюць станоўчае сальда ў гандлі з ЕС (у 2016 годзе — 170 млн долараў)", — падкрэслівае аўтар.

Паводле ацэнкі Макея, Еўропу можна лічыць і асноўнай крыніцай інвестыцый і крэдытных рэсурсаў у беларускую эканоміку. "За мінулы год з дзяржаў — членаў ЕС, перш за ўсё Вялікабрытаніі, Кіпра, Аўстрыі, Літвы, Польшчы, Нідэрландаў, Германіі, у Беларусь інвеставана 3,4 млрд долараў, што складае 39,4% усяго аб'ёму прыцягнутых інвестыцый, у тым ліку прамых — 2,9 млрд долараў, а гэта больш за 40% усіх прамых інвестыцый", — адзначае кіраўнік МЗС.

Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што адмена Еўрасаюзам большасці санкцый у дачыненні да Беларусі "адкрыла акно магчымасцяў для развіцця поўнафарматнага дыялогу з Захадам ва ўсіх сферах ўзаемадзеяння", уключаючы доступ Беларусі да рэсурсаў міжнародных і еўрапейскіх фінансавых інстытутаў.

Ключавой задачай на перспектыву Макей назваў поўную нармалізацыю адносін і выхад на заключэнне базавага пагаднення паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239