Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/28/900885_558899/
Дата раздрукоўкі: 22.04.2018 08:15
28.04.2017 14:30 Палітыка

Парашэнка: У мяне няма сумненняў у добрых намерах Беларусі, але яна знаходзіцца ў саюзніцкіх адносінах з Расіяй

Мінск, 28 красавіка. Аляксандр Лукашэнка запэўніў Пятра Парашэнку ў тым, што расійска-беларускія ваенныя вучэнні "Захад-2017" не ператворацца ў падрыхтоўку да ўварвання Расіі ва Украіну. Пра гэта прэзідэнт Украіны паведаміў 28 красавіка на цырымоніі перадачы ўкраінскім памежнікам сучасных высокаэфектыўных сродкаў ваеннай радыёсувязі.

"Падкрэсліваю, што ў мяне няма ніякіх сумненняў у выключна добрых намерах Беларусі, але яна знаходзіцца ў саюзніцкіх адносінах з Расіяй. А да Масквы ў нас даверу ўжо няма, — цытуе Парашэнку Укринформ. — І таму для мяне было надзвычай важна, што я атрымаў ад кіраўніка беларускай дзяржавы цвёрдыя запэўненні, што запланаваныя расійска-беларускія стратэгічныя вучэнні "Захад-2017" ля ўкраінскай мяжы не ператворацца ў падрыхтоўку РФ плацдарма для ўварвання ва Украіну з беларускай тэрыторыі".

Паводле слоў Парашэнкі, на апошніх перамовах з Лукашэнкам, якія прайшлі 26 красавіка, галоўнымі тэмамі былі не толькі эканамічныя адносіны, але і пытанні бяспекі. Прэзідэнт Украіны выказаў Беларусі падзяку за добрасумленнае выкананне міжурадавага пагаднення аб дадатковых мерах даверу і бяспекі, якое прадугледжвае своечасовае інфармаванне аб ажыццяўленні ў адзінай памежнай зоне любых ваенных вучэнняў, разгортванні вайсковых часцей і найноўшых відаў узбраення.

"Мы дамовіліся найбліжэйшым часам завяршыць працэс дэмаркацыі нашых дзяржаўных межаў, што стане дадатковым фактарам узмацнення бяспекі дзвюх краін. І ўпэўнены, што наша ўкраінска-беларуская мяжа будзе заставацца мяжой дружбы, добрасуседства і нашага партнёрства", — заявіў сёння Парашэнка.

Беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017" пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Расіі ў верасні. Іх тэмай названая падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах арганізацыі ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Неспакой адносна вучэнняў неаднаразова выказвалі заходнія палітыкі.

Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў 20 красавіка таксама заявіў пра небяспеку вучэнняў, што маюць адбыцца. Паводле аператыўных звестак, расійскі ваенны кантынгент плануе застацца пасля вучэнняў на тэрыторыі Беларусі, сказаў ён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН