Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/29/901040_569823/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2018 14:45
29.04.2017 15:16 Эканоміка

Расійскі лаўкостар "Перамога" атрымаў дазвол Расавіяцыі на палёты з Масквы ў Гомель

Мінск, 29 красавіка. Расійскі нізкабюджэтны авіяперавозчык "Перамога" (уваходзіць у групу "Аэрафлот") атрымаў у Расіі дазвол на палёты ў Гомель. Гэта вынікае з загада ад 28 красавіка, размешчанага на сайце Федэральнага агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя).

Расавіяцыя дала допуск кампаніі на палёты з Масквы ў Гомель сем разоў на тыдзень.

Варта адзначыць, што раней "Перамога" ўжо спрабавала выйсці на рынак авіяперавозак Беларусі, але сутыкнулася з цяжкасцямі. Так, у пачатку 2016 года расійскія СМІ сцвярджалі, у прыватнасці, што затрымкі ў акрэдытацыі адбываюцца з-за нежадання авіякампаніі "Белавія" ўзгадніць тарыфы па гэтым маршруце.

Газета "Ведомости" ў лютым мінулага года паведаміла, што гендырэктар "Перамогі" Андрэй Калмыкоў папрасіў Міністэрства транспарту РФ "садзейнічаць ва ўрэгуляванні тарыфных спрэчак з беларускай авіякампаніяй "Белавія". Для палётаў у Беларусь трэба атрымаць акрэдытацыю дэпартамента па авіяцыі, адна з умоў акрэдытацыі — узгадненне тарыфаў з прызначаным з боку Беларусі перавозчыкам ("Белавія"), адзначаў Калмыкоў. Паводле яго слоў, у пачатку снежня 2015 года "Перамога" падала запланаваныя тарыфы "Белавія", якія прыкладна на 30% ніжэйшыя, чым у іншых авіякампаній", але тая адмовілася іх узгадніць, палічыўшы, што яны могуць прывесці да зніжэння тарыфаў на кірунку Масква — Мінск і дэстабілізаваць існую канкурэнтную сітуацыю.

У Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі тады абверглі інфармацыю, што беларускі бок адмовіў расійскаму лаўкостару ў палётах. "Авіякампанія "Перамога" прайшла ўзгадненне з дэпартаментам па авіяцыі ва ўстаноўленым парадку, дакументы яны атрымалі. Працягваюцца перамовы на ўзроўні ўзгаднення тарыфаў. Перамовы вядуцца ў рабочым парадку. Існуюць агульныя правілы: калі вы хочаце атрымаць акрэдытацыю, вы павінны даць пакет дакументаў. Такімі публікацыямі "Перамога" падагравае штучную цікавасць", — заявілі БелаПАН тады ў прэс-службе Мінтранса.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН