Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/29/901041_556622/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 12:23
29.04.2017 13:52 Палітыка, Эканоміка

Пасольства ЗША: Прыпыненне санкцый скіраванае на падтрымку эканомікі Беларусі і ўзмацненне яе незалежнасці

Мінск, 29 красавіка. Прыпыненне дзеяння санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў скіраванае ў першую чаргу на падтрымку эканомікі Беларусі і ўзмацненне яе незалежнасці, гаворыцца ў каментары, размешчаным на сайце пасольства ЗША ў Беларусі.

"Мы ўдзяляем пільную ўвагу пытанням мірных сходаў, свабоды аб’яднанняў і свабоды словы. Мы працягваем заклікаць улады Беларусі да ажыццяўлення станоўчых крокаў для паляпшэння сітуацыі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі, а таксама да выканання сваіх абавязацельстваў паважаць свабоду сходаў і аб’яднанняў, свабоду слова і друку і іншыя фундаментальныя свабоды, у тым ліку правы журналістаў і праваабаронцаў", — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Мінфін ЗША 28 красавіка абвясціў аб працягу часовага прыпынення дзеяння санкцыяў у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў на шэсць месяцаў з 30 красавіка.

"Міністэрства фінансаў ЗША з улікам кансультацый і ў каардынацыі з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША працягвае дазвол на здзяйсненне здзелак з беларускімі прадпрыемствамі, якія трапляюць пад санкцыі згодна з указам прэзідэнта ЗША № 13405. Гэты дазвол не вызваляе заблакаваную уласнасць гэтых прадпрыемстваў", — гаворыцца ў рэлізе Мінфіна. Рашэнне дзейнічае да 30 кастрычніка 2017 года.

Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з таго часу перыядычна працягваліся. У санкцыйны спіс уваходзяць Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн "Белнафтахім", Belneftekhim USA Inc., ААТ "Белшына", ААТ "Гродна Азот", ААТ "Гродна Хімвалакно", ААТ "Лакафарба", ААТ "Нафтан" і ААТ "Полацк- Шкловалакно ".

29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 году), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума здзелкі перавышае 10 тыс. долараў, грамадзяне ЗША абавязаныя паведамляць пра яе ва ўпраўленне кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. У красавіку і кастрычніку 2016 года гэтыя рашэнне таксама працягваліся на паўгода.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239