Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/04/29/901072_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 11:53
29.04.2017 17:32 Палітыка

Савет Беларускага нацыянальнага кангрэса выказвае пратэст у сувязі з арыштам Мікалая Статкевіча

Мінск, 29 красавіка. Савет Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) 29 красавіка прыняў заяву, у якой выказвае пратэст з нагоды арышту аднаго з членаў савета Мікалая Статкевіча.

Нагадаем, сувязь са Статкевічам знікла каля 17 гадзін 28 красавіка. Сёння каля 11 гадзін жонцы палітыка Марыне Адамовіч патэлефанаваў намеснік начальніка Ленінскага РУУС і паведаміў пра асуджэнне Статкевіча судом Ленінскага раёна Мінска на пяць сутак адміністрацыйнага арышту, не назваўшы пры гэтым акалічнасці прынятага рашэння. Палітык знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

Мяркуецца, што арышт Статкевіча звязаны з яго намерам правесці 1 мая акцыю на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Палітык заклікаў людзей прыйсці ў цэнтр сталіцы, каб запатрабаваць выканання шэрагу патрабаванняў эканамічнага і сацыяльнага характару.

У заяве савета БНК адзначаецца, што ўлады не давалі ніякай інфармацыі пра затрыманага 28 красавіка Статкевіча да раніцы, а значыць, "ён проста знік". Арганізацыя звяртае ўвагу на тое, што "да злачыннай ганебнай практыкі выкрадання актывістаў, якая патрабуе крымінальнай адказнасці, улады звяртаюцца не ўпершыню", пры гэтым за гэта "ніхто адказнасці не нясе".

У такой сітуацыі, лічыць савет БНК, людзі павінны "пратэставаць супраць выкрадання людзей", выступаць "супраць гвалту, націску рэжыму на грамадства", выказаць "салідарнасць з арыштаванымі актывістамі беларускага дэмакратычнага руху — з усімі, хто за новую, вольную, дэмакратычную Беларусь" .

Афіцыйна не зарэгістраваны Беларускі нацыянальны кангрэс быў створаны ў маі 2016 года па ініцыятыве групы грамадскіх і палітычных дзеячаў з мэтай кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239