Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/01/901210_901211/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:56
01.05.2017 15:25 Грамадства

У Мінску прайшла акцыя апазіцыі

Мінск, 1 мая. Некалькі соцень чалавек узялі ўдзел у апазіцыйнай акцыі, прымеркаванай да Дня салідарнасці працоўных. БелаПАН вёў анлайн-рэпартаж з мітынгу і дэманстрацыі.
Сабрацца 1 мая на Кастрычніцкай плошчы, каб выставіць уладам эканамічныя і сацыяльныя патрабаванні, заклікаў апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. Сувязь з ім знікла вечарам 28 красавіка, а на наступны дзень стала вядома, што ён затрыманы і асуджаны судом Ленінскага раёна Мінска на пяць сутак адміністрацыйнага арышту. За што судзілі палітыка, дагэтуль невядома.

13.00 За гадзіну да абвешчанай акцыі ў раён Кастрычніцкай плошчы Мінска сцягнутая міліцэйская спецтэхніка. За Палацам Рэспублікі стаяць чатыры аўтазакі (аўтамабілі для перавозкі затрыманых) і аўтобус "МАЗ" з супрацоўнікамі міліцыі.

Яшчэ два аўтазакі размешчаны на прылеглай да плошчы вуліцы Энгельса. Побач стаяць прыкладна 20—25 аднолькава апранутых мужчын у цывільным. Яны згрупаваліся вакол чалавека, які іх відавочна інструктуе.

Яшчэ адзін аўтобус з супрацоўнікамі міліцыі стаіць насупраць Аляксандраўскага сквера, размешчанага каля Адміністрацыі прэзідэнта.

За два кварталы ад плошчы, на вуліцы Камсамольскай, стаіць пяць аўтазакаў, як мінімум 11 аўтобусаў з супрацоўнікамі АМАПа і пяць спецыяльна абсталяваных пазадарожнікаў.

13.50 На Кастрычніцкую плошчу прыйшла жонка арыштаванага Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Паводле яе слоў, гэта натуральнае права кожнага — выйсці ў цэнтр горада ў дзень, які названы Днём салідарнасці (працоўных). На пытанне, ці выйшла яна замяніць Статкевіча, Адамовіч адказала: "Не, я выйшла сама за сябе".

Пасярод плошчы стаіць мужчына, які трымае бел-чырвона-белы сцяг. Тут жа знаходзіцца некалькі дзясяткаў журналістаў, ходзяць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, некаторыя з іх вядуць відэаздымку. За тым, што адбываецца, назірае начальнік мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба.

14.02 На плошчу прыйшоў старшыня руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч. "Відавочна, што ўлада баіцца пратэстаў грамадзян, — заявіў ён, адказваючы на пытанне БелаПАН, чаму не былі дазволеныя альтэрнатыўныя акцыі. — Прычым яе страх распаўсюджваецца не толькі на несанкцыянаваныя акцыі, але і на дазволеныя. Менавіта таму рабіліся прэвентыўныя затрыманні нават у тых гарадах, дзе акцыі былі санкцыянаваныя мясцовымі ўладамі".

Губарэвіч лічыць, што на лета ўлада атрымае "некаторую перадышку" ад акцый. "Цяпер людзі вымушаныя ехаць на дачы, спрабаваць выжыць, бо ніякіх надзей на ўладу ў іх няма", — сказаў ён. Паводле слоў Губарэвіча, трэба рыхтавацца да восені-зімы. "Калі ўлада нічога не зробіць, — а на гэта пакуль нішто не паказвае, — людзі зноў стануць масава выходзіць на вуліцы і Беларусь чакае чарговая хваля пратэсту", — заявіў палітык.

"Сёння людзі абмяркоўваюць праблемы на кухні, але з цягам часу будуць гатовыя тысячамі выходзіць на плошчы, — лічыць ён. — Улада ў выніку з усімі пратэстоўцамі нічога зрабіць не зможа, бо ў яе не хопіць турмаў, каб усіх перасаджаць".

Цяпер на плошчы да пяці дзясяткаў чалавек. Міліцыя пачала папярэджваць тых, хто сабраўся, у мегафон аб тым, што акцыя несанкцыянаваная. Людзей просяць разысціся і нагадваюць, што ў выпадку непадпарадкавання міліцыя можа прымяніць сілу і спецсродкі.

На плошчу прыйшоў апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў, вядомая актывістка Ніна Багінская з бел-чырвона-белым сцягам, а таксама сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец.

14.20 Цяпер на плошчы каля 100 чалавек. Яны скандуюць: "Жыве Беларусь!", "Салідарнасць!", "Свабоду палітвязням!" Павел Севярынец выкрыквае прозвішчы затрыманых па справе "Белага легіёна". Людзі, якія сабраліся, у адказ крычаць: "Свабоду!" Калі супрацоўнік міліцыі зноў пачаў папярэджваць у мегафон аб несанкцыянаваным характары акцыі, прысутныя запатрабавалі размаўляць па-беларуску.

14.29 На прыступках Палаца Рэспублікі праходзіць імправізаваны мітынг, удзельнікі выступаюць праз гучнагаварыцель. Уладзімір Някляеў падзякаваў тым, хто прыйшоў, за іх смеласць, за гатоўнасць выказаць салідарнасць з тымі, хто ўжо пацярпеў ад рэпрэсій уладаў. Някляеў нагадаў, што напярэдадні быў затрыманы арганізатар акцыі Мікалай Статкевіч. "Нават не затрыманы, а выкрадзены. Больш як паўсутак сям`я не ведала, дзе ён знаходзіцца. Выкраданне — гэта звычайная практыка беларускіх уладаў", — сказаў ён.

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч заявіла, што ўлада адабрала ў грамадзян права на забяспечанае і годнае жыццё, а таксама гатовая рэпрэсіямі задушыць пратэст. "Але мы не спалохаліся, выйшлі на плошчу, каб выставіць свае патрабаванні, выказаць салідарнасць з арыштаванымі", — адзначыла яна.

Удзельнікі мітынгу патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і ўрада.

14.40 Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель заклікаў прысутных прайсці па праспекце Незалежнасці да плошчы Незалежнасці. Прыкладна дзвесце чалавек адправіліся ў бок плошчы Незалежнасці. Людзі скандуюць: "Жыве Беларусь!", "Свабоду!", "Ганьба!" Каля ўніверсама "Цэнтральны" актывіст Максім Вінярскі запаліў фаер. Да прыпынку насупраць ГУМа ўжо падагналі два аўтазакі.

Праходзячы міма будынка Камітэта дзяржбяспекі, мітынгоўцы скандавалі: "Далоў КДБ!" У калоне ідзе да 300 чалавек. Дэманстрантаў суправаджаюць аўтазакі.

15.00 Мітынгоўцы дасягнулі плошчы Незалежнасці, міліцыя пакуль нікога не чапае. Людзі ідуць да пляцоўкі перад Домам урада.

15.05 Частка дэманстрантаў спынілася каля Чырвонага касцёла, частка — адправілася да Дома ўрада. Уладзімір Някляеў заклікаў апошніх вярнуцца, адзначыўшы, што акцыя носіць мірны характар салідарнасці. Паводле слоў Някляева, калі рэжым пачне хапаць людзей, гэта будзе злачынства, бо ні ў каго з удзельнікаў акцыі не было намеру ўчыняць супрацьпраўныя сілавыя дзеянні. Палітык яшчэ раз падкрэсліў мірны характар першамайскай дэманстрацыі.

15.10 Удзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю з галоўным патрабаваннем — вярнуць уладу народу шляхам правядзення свабодных выбараў. Яны таксама запатрабавалі адмены дэкрэта № 3, вызвалення Мікалая Статкевіча і іншых арыштаваных па палітычных матывах. Яўген Афнагель заявіў, што акцыі пратэсту будуць працягвацца да таго часу, пакуль расійскія войскі не будуць выведзеныя з тэрыторыі Беларусі, а ўлады — не адменяць сумесныя ваенныя вучэнні. Пасля гэтага было абвешчана аб завяршэнні акцыі. Людзі пачалі разыходзіцца.

15.20 Плошча Незалежнасці апусцела — удзельнікі акцыі разышліся. Інфармацыі пра затрыманні пакуль няма.
Таццяна Каравянкова, Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН