Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/02/901254_901255/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:37
02.05.2017 10:17 Грамадства

Адна з асноўных версій забойства гімназістам у Слоніме свайго дзядулі, вядомага скульптара, і бабулі — непрыязныя адносіны

Мінск, 2 мая. Чарговыя падрабязнасці справы аб забойстве непаўналетнім у Слоніме свайго дзядулі, вядомага мясцовага скульптара Леаніда Богдана, і яго жонкі абнародаваў у эфіры тэлеканала ОНТ у праграме "Нашы навіны" 1 мая начальнік Слонімскага раённага аддзела Следчага камітэта Яўген Ерашэнкаў.

"Адной з версій учыненага злачынства з`яўляюцца непрыязныя адносіны, якія склаліся ў апошні час у падазраванага са сваімі бабуляй і дзядулем. Гэта пакуль адна з асноўных версій, і, я думаю, яна будзе рабочай падчас следства. Цяпер з падазраваным праводзяць следчыя дзеянні, накіраваныя на высвятленне ўсіх акалічнасцяў", — сказаў Ерашэнкаў.

Юнаку за ўчыненае злачынства пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі, паведаміў у эфіры ОНТ Аляксандр Трухан, начальнік Слонімскага РАУС.

Нагадаем, паводле інфармацыі УУС Гродзенскага аблвыканкама, у Слоніме ноччу на 30 красавіка 17-гадовы ўнук жорстка забіў сваіх бабулю 1956 і дзядулю 1953 гадоў нараджэння. Менавіта з імі жыў непаўналетні, бо яго маці з`ехала ў ААЭ, у яе там свая сям`я, а бацька ў Мінску вядзе ўласную справу. Бабуля і дзядуля давалі ўсё лепшае ўнуку, з грашыма ў іх праблем не было, юнак вучыцца з сярэднім балам 7 у гімназіі.

Паводле слоў затрыманага, трагедыя здарылася каля паўночы, калі пенсіянеры знайшлі ў яго электронную цыгарэту. Сваякі не ўяўлялі, у чым сутнасць гэтага "дэвайса", думаючы, што гэта наркотыкі. Такая версія выклікала гнеў унука, ён узяў нож, а таксама металічны шуфлік і гэтымі прадметамі забіў бабулю і сур`ёзна параніў дзядулю. Пенсіянер прасіў выклікаць хуткую дапамогу, але непаўналетні пайшоў у гараж, узяў там сякеру і дабіў ёй сваяка. Пазней вопратку і сякеру падазраваны выкінуў у балоцістую мясцовасць на рацэ Шчары.

Потым юнак накіраваўся ў Свята-Траецкі сабор і паведаміў святару, што ў дом уварваліся рабаўнікі ў масках і ўчынілі забойства. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца, устанавілі, што ніякіх рабаўнікоў не было, а забіў пенсіянераў іх уласны ўнук.

ОНТ таксама паведаміла, што ў гімназіі, дзе вучыцца юнак, яго характарызуюць у цэлым станоўча. Ён добра вучыцца і займаецца цяжкай атлетыкай.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН