Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/02/901261_901262/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:23
02.05.2017 09:56 Грамадства

ОНТ: Выпускнікі каледжаў будуць заканчваць ВНУ хутчэй, чым астатнія студэнты

Мінск, 2 мая. У Міністэрстве адукацыі вызначыліся са спісам прафесій, якія трапляюць пад экспрэс-курс.

Як паведамлялася ў рэпартажы тэлеканала ОНТ у праграме "Нашы навіны" 1 мая, вучыцца ў сярэднім менш на паўтара года можна будзе на 150 спецыяльнасцях. Самыя папулярныя сярод іх — юрыспрудэнцыя, бухулік, ІТ. "У каледжах навучэнцы атрымліваюць дастаткова ведаў, каб не паўтараць іх на ўніверсітэцкай лаве, упэўнены спецыялісты. Для іх у ВНУ вылучаныя асобныя месцы, так што ў агульным конкурсе з выпускнікамі школ яны не перасякаюцца. Таму прадугледжаны нюансы і ў паступленні: выпускнікі прафесійных каледжаў могуць здаваць не цэнтралізаванае тэставанне, а ўнутраныя іспыты", — паведаміў канал ОНТ.

У інтэрв'ю тэлеканалу начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргей Каспяровіч сказаў: "Найбольш цікавая тут — завочная форма атрымання адукацыі менавіта ў ВНУ. Таму што выпускнік каледжа, атрымаўшы добрую прыкладную адукацыю, ідзе ў рэальны сектар эканомікі, а ў ВНУ атрымлівае ўжо вышэйшую адукацыю без адрыву ад вытворчасці. Мы чакаем каля 58 тысяч абітурыентаў, з іх 27 тысяч 100 на бюджэтную форму атрымання адукацыі. Гэтыя лічбы крыху ніжэйшыя, чым у мінулым годзе. Мы разумеем сітуацыю, аналізуем заказ".

ОНТ нагадвае, што 2 мая пачнецца прыём дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні. Новаўвядзенні гэтага года: магчымасць здаваць чатыры прадметы, а выбіраць вынікі трох лепшых. "Акрамя таго, прыярытэтнае права на бюджэтнае месца з гэтага часу ў выпускнікоў педагагічных класаў — пры добрым атэстаце і пройдзеным сумоўі для атрымання студэнцкага білета яны могуць іспыты і не здаваць. Праўда, адпрацоўваць па размеркаванні трэба будзе не два гады, а пяць. Гэтыя ж змены закрануць і выпускнікоў сельгасспецыяльнасцяў. Наперадзе ў абітурыентаў месяц, каб зарэгістравацца, а пасля 1 чэрвеня пачнуцца ўступныя іспыты", — гаварылася ў рэпартажы ОНТ.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН