Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/02/901274_901275/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:20
02.05.2017 10:05 Эканоміка

Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за сакавік вырасла амаль на 324 млн долараў

Мінск, 2 мая. Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі Беларусі за студзень—сакавік 2017 года склала 1.020,5 млн долараў ЗША, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

За студзень—люты 2016 года сальда таксама было адмоўным — 884,7 млн долараў. Паводле ўдакладненых дадзеных, адмоўнае сальда ў студзені—лютым склала 696,8 млн долараў. Такім чынам, за сакавік яно павялічылася на 323,7 млн долараў.

Знешнегандлёвы абарот краіны за тры месяцы гэтага года склаў 13 млрд 373,7 млн долараў, да ўзроўню студзеня—сакавіка 2016 года ён вырас на 22,8% у бягучых цэнах. Экспарт тавараў склаў 6 млрд 176,6 млн (23,5%), імпарт — 7 млрд 197,1 млн долараў (+24,4%).

Знешнегандлёвы абарот з краінамі ЕАЭС за студзень—сакавік 2017 года склаў 7 млрд 140,1 млн долараў, што на 30,1% больш, чым за студзень—сакавік 2016 года. Экспарт вырас на 38,5% да 1 млрд 809,2 млн, імпарт — на 24,9% да 2 млрд 697,1 млн долараў. У гандлі з краінамі ЕАЭС сальда было адмоўным у 1 млрд 268,9 млн долараў (у студзені—сакавіку 2016 года — мінус 1 млрд 247,8 млн).

Узаемны тавараабарот з Расіяй, паводле дадзеных Белстата, за тры месяцы 2017 года склаў 6 млрд 989,3 млн долараў, павелічэнне да ўзроўню студзеня—сакавіка 2016 года — 29,5%, у тым ліку экспарт — 2 млрд 812,8 млн (на 37,9% больш), імпарт — 4 млрд 176,5 млн (на 24,3% больш). Адмоўнае сальда ў гандлі з Расіяй склала 1 млрд 363,7 млн долараў (у студзені—сакавіку 2016 года адмоўнае сальда складала 1 млрд 320,1 млн).

Знешнегандлёвы абарот з краінамі Еўрасаюза за студзень—сакавік 2017 года склаў 2 млрд 925,3 млн долараў, павялічыўшыся да ўзроўню студзеня—сакавіка 2016 года на 5,6%. Экспарт тавараў склаў 1 млрд 613,6 млн долараў, павялічыўшыся на 0,5%, імпарт — 1 млрд 311,7 млн (на 12,6% больш). Сальда ў гандлі з краінамі ЕС было станоўчым і склала 301,9 млн долараў супраць 441,5 млн у студзені—сакавіку 2016 года.

У краіны па-за СНД аб'ём экспарту ў студзені—сакавіку вырас на 8,8% і склаў 2 млрд 411,7 млн долараў, імпарт вырас на 18,8% да 2 млрд 723,4 млн долараў. У цэлым тавараабарот вырас на 13,8% да 5 млрд 135,1 млн, а сальда было адмоўным — 311,7 млн супраць адмоўнага ў 75,9 млн долараў у студзені—сакавіку мінулага года.

Дысбаланс у знешнім гандлі таварамі Беларусі захаваецца і ў гэтым годзе. Такое меркаванне раней выказаў БелаПАН загадчык кафедры інавацыйнай эканомікі Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО" кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч. На яго думку, рост тавараабароту ў першую чаргу звязаны з тым, што ў мінулым годзе ён значна зніжаўся. "Я не думаю, што ў гэтым годзе дысбалансы ў знешнім гандлі знікнуць і сітуацыя радыкальна зменіцца. Таму што знешні гандаль досыць інертны і хутка памяняць штосьці складана. Відавочна, па-ранейшаму застануцца праблемы і з так званай далёкай дугой. Гэта ў першую чаргу звязана з інертнасцю саміх прадпрыемстваў, якія не хочуць ці не могуць выходзіць на новыя рынкі. Усё гэта звязана з вялікімі выдаткамі на асваенне рынкаў, а грошай у бюджэтах кампаній мала. Такая сітуацыя будзе захоўвацца", — лічыць загадчык кафедры.

На яго думку, Расія застанецца асноўным знешнегандлёвым партнёрам, ад якога ў цэлым і будзе залежаць валютная выручка. "Можа быць, будуць нейкія зрухі з Украінай, з Казахстанам. Што тычыцца Арменіі і Кыргызстана, то для нас там такія ж праблемы, як і з далёкай дугой, — вялікія транспартныя выдаткі, збытавыя праблемы ў плане гандлёвых і сэрвісных сетак", — адзначыў Ярашэвіч.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН