Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/02/901277_901278/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:51
02.05.2017 10:32 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Банкі пачалі самастойна вызначаць падыходы да ацэнкі крэдытаздольнасці фізічных асоб

Мінск, 2 мая. 1 мая спынена дзеянне патрабавання Нацыянальнага банка аб прадстаўленні даведак аб даходах для ацэнкі крэдытаздольнасці фізічных асоб, паведамляе прэс-служба Нацбанка.

Як растлумачылі ў прэс-службе, перастала дзейнічаць пастанова праўлення Нацбанка ад 18 красавіка 2014 года № 253 "Аб некаторых пытаннях выдзялення крэдытаў фізічным асобам і фінансавання пад уступку грашовага патрабавання (факторынгу)". Дакумент, падкрэслілі ў Нацбанку, з'яўляўся часовым нарматыўным актам, прынятым з мэтай павышэння якасці ацэнкі банкамі крэдытаздольнасці заяўніка.

Пастанова прадугледжвала, што ацэнка банкам крэдытаздольнасці грамадзян для прыняцця рашэння аб выдзяленні крэдыту, а таксама аб заключэнні дагавора фінансавання пад уступку грашовага патрабавання (факторынгу) з юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, праводзілася пры наяўнасці аднаго або некалькіх дакументаў. У іх пераліку даведкі аб памеры заработнай платы (грашовага забеспячэння), аб памеры атрыманай пенсіі, аб выдзяленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, аб памеры штомесячнага грашовага забеспячэння, аб даходах, вылічаных і ўтрыманых сумах падаходнага падатку з фізічных асоб. Таксама выкарыстоўваліся іншыя дакументы, якія пацвярджаюць атрыманне даходу і выдача якiх прадугледжана ўказам прэзідэнта ад 26 красавіка 2010 г. № 200 "Аб адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян".

У Нацбанку адзначылі, што дзеянне пастановы № 253 не прадаўжалася "з улікам неабходнасці забеспячэння больш гнуткіх падыходаў да ацэнкі крэдытаздольнасці фізічных асоб і стварэння ўмоў для развіцця сучасных банкаўскіх паслуг з выкарыстаннем дыстанцыйных каналаў банкаўскага абслугоўвання".

"Такім чынам, з 1 мая 2017 года банкі самастойна вызначаюць падыходы да ацэнкі крэдытаздольнасці фізічных асоб, у тым ліку пры вызначэнні пераліку спадарожных дакументаў, якія прадстаўляюцца заяўнікам", — заключылі ў прэс-службе.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН