Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/02/901282_901283/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:31
02.05.2017 10:58 Грамадства

У дачыненні да падлетка са Слоніма, які забіў сваіх дзядулю і бабулю, будзе праведзена псіхолага-псіхіятрычная экспертыза

Мінск, 2 мая. Па справе аб забойстве гімназістам у Слоніме сваіх дзядулі і бабулі прызначаны шэраг экспертыз, у тым ліку судова-медыцынскія і крыміналістычныя, паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці Марыя Лешык.

Паводле інфармацыі следчых органаў, падазраванаму — 16 гадоў. У дачыненні да падлетка таксама будзе праведзена комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.

Трагедыя адбылася ў Слоніме ў ноч на 30 красавіка. Дзядуля падлетка Леанід Богдан, 1953 года нараджэння, быў вядомым скульптарам. Непаўналетні жыў з дзядулем і бабуляй, бо яго маці паехала ў ААЭ, дзе ў яе сям'я, а бацька жыве ў Мінску, у яго ўласная справа. Тэлеканал СТВ паведамляе, з грашыма ў бабулі і дзядулі праблем не было, яны давалі ўнуку ўсё лепшае. Падлетак вучыцца ў гімназіі з сярэднім балам 7.

Паводле слоў затрыманага юнака, трагедыя здарылася каля паўночы, калі бабуля і дзядуля знайшлі ў яго электронную цыгарэту. Пенсіянеры не ведалі, што гэта такое, яны падумалі, што гэта наркотыкі. Такая версія выклікала гнеў унука, ён узяў нож і металічны шуфлік і гэтымі прадметамі забіў бабулю і сур'ёзна параніў дзядулю. Леанід Богдан маліў унука выклікаць хуткую дапамогу, але той пайшоў у гараж, прынёс сякеру і дабіў ёй дзеда. Затым сякеру і вопратку падазраваны выкінуў у балоцістую мясцовасць на рацэ Шчары.

Пасля гэтага юнак накіраваўся ў Свята-Траецкі сабор і паведаміў святару, што ў хату ўварваліся рабаўнікі ў масках і ўчынілі забойства. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца, хутка ўстанавілі, што ніякіх рабаўнікоў не было.

Па факце забойства дзвюх асоб (п. 1 ч. 2 арт. 139 КК) Слонімскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа. Прылады злачынства — нож і сякера — канфіскаваныя.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН