Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/02/901291_901292/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:08
02.05.2017 11:40 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Беларусь у стане забяспечыць замежным партнёрам выхад на вялікі рынак ЕАЭС

Мінск, 2 мая. Беларусь у стане забяспечыць сваім замежным партнёрам выхад на вялікі рынак Еўразійскага эканамічнага саюза, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 2 мая даверчыя граматы ў паслоў шэрагу краін.
"Мы ўсім вам акажам усялякае садзейнічанне ў ажыццяўленні вашай дыпламатычнай дзейнасці. Закрытых тэм для любога з прысутных паслоў у Беларусі няма. Прапаноўвайце — усе вашы прапановы будуць улічаныя, усе вашы пажаданні будуць выкананыя ў самы кароткі прамежак часу", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў дыпламатам стаць "самымі сапраўднымі суперажывальнымі людзьмі, якія жывуць у нашай Беларусі", і, праз нейкі час ад'язджаючы з краіны, шкадаваць пра свой ад'езд.

"Цяпер Беларусь старшынствуе ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве, — адзначыў Лукашэнка. — Дзякуючы гэтаму ў нас з'явіліся новыя магчымасці для больш шырокага ўключэння дзяржавы ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы. Не выпадкова тытульнай тэмай беларускага старшынства абрана прасоўванне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе. Пагадзіцеся, у кантэксце цяперашняй нестабільнай сітуацыі і беспрэцэдэнтных выклікаў яна мае асаблівае значэнне".

Лукашэнка нагадаў, што ў Мінску сёлета пройдзе летняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. "Падзея для нашай краіны важная і адказная. На сесіі плануецца абмеркаваць пытанні ўмацавання ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў рэгіёне АБСЕ. Прымаючы высокі форум, Беларусь мае магчымасць пачаць канструктыўны дыялог з прадстаўнікамі многіх еўрапейскіх дзяржаў", — сказаў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, імкненне Беларусі да адкрытасці пацвярджаецца ўвядзеннем у пачатку 2017 года бязвізавага рэжыму ўезду для грамадзян 80 краін. "За мінулы перыяд такой магчымасцю скарысталіся турысты і прадпрымальнікі, у тым ліку і з тых дзяржаў, якія вы прадстаўляеце", — сказаў ён. "Усё гэта стварае аснову для актывізацыі дзелавых і чалавечых зносін", — лічыць Лукашэнка.

Даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы ўручылі паслы Азербайджана, Ірана, Бельгіі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Новай Зеландыі, Мальтыйскага Ордэна, Арменіі, Грэцыі, Руанды, Ізраіля і Украіны, паведамляе прэс-служба.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН