Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/02/901314_901315/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:31
02.05.2017 13:14 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ў паслоў 11 дзяржаў і Мальтыйскага ордэна

Мінск, 2 мая. Аляксандр Лукашэнка 2 мая прыняў даверчыя граматы ў паслоў 11 дзяржаў і Мальтыйскага ордэна, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Украіны, Лукашэнка адзначыў, што беларусы здаўна жывуць у добрасуседстве з народам гэтай краіны. "Нас аб'ядноўваюць шматвяковая гісторыя і падобная культура, а таксама цесныя эканамічныя сувязі. Стварыўшы мінскую перамоўную пляцоўку для ўрэгулявання сітуацыі ва ўсходняй Украіне, мы будзем рабіць усё неабходнае для аднаўлення там міру і спакою. У гэтым плане вы можаце на нас разлічваць", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, у духу дружбы і ўзаемаразумення Беларусь заўсёды будавала адносіны з Азербайджанам. Ён адзначыў, што сумеснымі намаганнямі рэалізаваны шэраг буйных праектаў у галіне вытворчай кааперацыі. Лукашэнка перакананы, што трэба максімальна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял і рухацца далей у гэтым кірунку.

"Асаблівую цікавасць для нас уяўляе развіццё двухбаковага супрацоўніцтва з Арменіяй, — адзначыў кіраўнік Беларусі. — Партнёрства ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза адкрывае новыя магчымасці для павелічэння нашага тавараабароту, дыверсіфікацыі паставак і наогул развіцця і ўмацавання нашых адносін".

Лукашэнка пазітыўна ацаніў актывізацыю кантактаў на палітычным і гандлёва-эканамічным узроўнях з Бельгіяй, паведамляе прэс-служба. Беларусь гатовая працягваць рэалізацыю сумесных праектаў з гэтай краінай у лагістыцы, энергетыцы, хімічнай і харчовай прамысловасці, іншых сферах, падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да пасла Грэцыі, Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок мае намер развіваць узаемавыгадныя сувязі з гэтай паўднёваеўрапейскай дзяржавай. "Значны патэнцыял для іх пашырэння ёсць у гандлёва-эканамічнай галіне. Для гэтага сумеснымі намаганнямі нам неабходна выпрацаваць доўгатэрміновыя механізмы і эфектыўныя інструменты супрацоўніцтва", — сказаў ён.

Канструктыўны характар маюць адносіны Беларусі з Мальтыйскім ордэнам, адзначыў Лукашэнка. "Хачу выказаць словы падзякі за тую ролю, якую ён іграе, удзельнічаючы ў рэалізацыі гуманітарных праектаў і праграм дапамогі ў нашай краіне. Глыбока перакананы, што ў гэтым кірунку мы знойдзем яшчэ нямала агульных поглядаў", — сказаў афіцыйны беларускі лідар.

У дзясятку асноўных эканамічных партнёраў Беларусі традыцыйна ўваходзяць Нідэрланды, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Беларусь падтрымлівае рашэнне аб адкрыцці аддзялення пасольства гэтай краіны ў Мінску, заявіў Лукашэнка. На яго думку, больш блізкае знаёмства нідэрландскіх дыпламатаў з Беларуссю самым станоўчым чынам паўплывае на ўмацаванне дружалюбных сувязяў паміж краінамі.

Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў адкрытым і ўзаемапаважлівым дыялогу з Нарвегіяй, якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых імпарцёраў яе прадукцыі сярод скандынаўскіх краін. Разам з тым ён лічыць неабходным далейшае пашырэнне ўзаемнага гандлю.

З прыбыццём у Мінск пасла Дзяржавы Ізраіль Беларусь ускладае вялікія надзеі на каапераванне ў галіне высокіх тэхналогій, адукацыі, аховы здароўя, навукі і культуры, сказаў Лукашэнка. "Тут у нас з вамі дастаткова памочнікаў, бо многіх беларусаў і ізраільцян аб'ядноўваюць цесныя, часам сямейныя сувязі", — адзначыў ён.

Вітаючы прызначэнне новага пасла Ірана, беларускі кіраўнік заявіў, што гэтая краіна з'яўляецца важным партнёрам Беларусі ў Азіяцкім рэгіёне. Дасягнуты ўзровень палітыка-дыпламатычных кантактаў павінен паслужыць арыенцірам для ўмацавання і пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў, падкрэсліў Лукашэнка.

"Выбудоўваючы адносіны з Новай Зеландыяй, мы з задавальненнем падтрымаем любыя ініцыятывы з яе боку, — адзначыў ён. — У нашых агульных інтарэсах нарошчваць узаемны тавараабарот, усталёўваць інвестыцыйныя і гуманітарныя кантакты. Беларусы і Беларусь да гэтага гатовыя".

Паводле слоў Лукашэнкі, у супрацоўніцтве з Руандай Беларусь бачыць нерэалізаваныя магчымасці ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі. "Заўважу, што наша краіна гатовая сёння сумесна з найбуйнейшымі банкамі Афрыканскага кантынента прадставіць эфектыўныя механізмы фінансавай падтрымкі беларускага экспарту", — сказаў афіцыйны лідар.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН