Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/02/901389_456698/
Дата раздрукоўкі: 31.07.2021 22:09
02.05.2017 17:59 Грамадства

Каталіцкі касцёл у Беларусі занепакоены ўмяшальніцтвам дзяржаўных ідэолагаў у дзейнасць нядзельных школ

Мінск, 2 мая. У Беларусі настаў час вырашыць пытанне аб рэлігійным выхаванні ў школах на факультатыўнай аснове, выказаў меркаванне мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, выступаючы 2 мая ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце з дакладам аб узаемадзеянні рэлігійных арганізацый і дзяржавы. Поўны тэкст дакладу апублікаваны на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

"Дзеці і моладзь — гэта наша будучыня, яны будуць такімі, якімі мы іх выхаваем. Ці ёсць сярод каштоўнасцяў, на якіх мы выхоўваем дзяцей у школе, духоўныя каштоўнасці? Яны заўсёды актуальныя і незамяняльныя ў працэсе выхавання маладога пакалення", — падкрэсліў ён.

Разам з тым арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў сур'ёзную занепакоенасць тым, што некаторыя аддзелы ідэалогіі патрабуюць ад касцёла падаваць ім праграму вывучэння катэхізіса ў нядзельных школах, а таксама спісы дзяцей, якія іх наведваюць. Ён расцаніў гэта як "умяшальніцтва ва ўнутраныя справы касцёла і неадпаведнасць закону аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях".

"Якая мэта такіх патрабаванняў? Праверыць прававернасць навучання дзяцей? Дазвольце спытаць: "А суддзі хто?" Хто з супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў скончыў каталіцкі, праваслаўны, іудзейскі, мусульманскі або пратэстанцкі ўніверсітэт?" — задаўся пытаннем мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Ён адзначыў, што падручнікі, якія падрыхтавала Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў, "афіцыйна зацверджаныя касцельнай уладай", таму ў нядзельных школах "ніхто нічога не хавае і нікога не вучыць ўпотай".

Кандрусевіч таксама выказаўся за стварэнне невялікіх капліц у бальніцах, вайсковых часцях, месцах зняволення, дзе людзям "неабходная пастырская апека".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239