Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/03/901492_225588/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 16:17
03.05.2017 10:39 Грамадства

БАЖ: Спадзяемся, што ніякі пераслед не прымусіць нас адмовіцца ад прафесійнай журналісцкай працы

Мінск, 3 мая. Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) павіншавала калег з Сусветным днём свабоды прэсы, які адзначаюць 3 мая.
У віншаванні БАЖ выказаная падзяка "кожнаму з калегаў, якія захоўваюць вернасць прынцыпам прафесійнай і сумленнай журналістыкі".

Сёлета беларускія журналісты больш за 130 разоў траплялі пад пераслед з боку ўладаў, адзначае БАЖ. "Але мы спадзяемся, што ніякі пераслед не прымусіць нас адмовіцца ад самага галоўнага — прафесійнай журналісцкай працы", — гаворыцца ў віншаванні.

Варта адзначыць, што ў нядаўна апублікаваным рэйтынгу свабоды прэсы, які штогод рыхтуе міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў", Беларусь заняла 153-е месца са 180.

У дакладзе "Рэпарцёраў без межаў" сказана: у спробе аслабіць уплыў Расіі на Беларусь і выйсці з эканамічнага крызісу "рэжым прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе падладжвацца пад міжнародную супольнасць і сцерці свой імідж апошняй дыктатуры Еўропы". "Але акрамя вызвалення галоўных палітычных зняволеных у краіне нічога не змянілася, — падкрэсліваюць "Рэпарцёры без межаў". — Журналісты-фрылансеры, якія працуюць у незалежных СМІ, што базуюцца за мяжой, не могуць атрымаць акрэдытацыю і зведваюць пераслед з боку судовых органаў. Асцерагаючыся дэстабілізацыі сітуацыі, звязанай з украінскім крызісам, улады заключылі ў турму як прарасійскіх, так і антырасійскіх блогераў (гаворка пра супрацоўнікаў расійскага інфармагенцтва Regnum Сяргея Шыпценку, Дзмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца і заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса. — БелаПАН.)".

"Рэпарцёры без межаў" таксама заўважаюць, што ў 2016 годзе "нешматлікія журналісты былі арыштаваныя або зведвалі гвалт", але "зацішша скончылася ў сакавіку 2017 года, калі беспрэцэдэнтная хваля пратэстаў прывяла да значных рэпрэсій".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН