Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/03/901503/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 16:03
03.05.2017 11:29 Палітыка, Грамадства

Партыя БНФ абскарджвае ў Вярхоўным судзе папярэджанне за Дзень Волі

Мінск, 3 мая. Партыя БНФ падала ў Вярхоўны суд скаргу на пісьмовае папярэджанне, вынесенае партыі Міністэрствам юстыцыі 29 сакавіка, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.

Падставай для пісьмовага папярэджання Мінюста стаў удзел Партыі БНФ у арганізацыі Дня Волі 25 сакавіка. Міністэрства юстыцыі сцвярджае, што Партыя БНФ парушыла закон "Аб масавых мерапрыемствах", калі члены партыі распаўсюджвалі інфармацыю пра падачу заяўкі на правядзенне дэманстрацыі 25 сакавіка ў Мінску з нагоды Дня Волі.

Як адзначыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, арганізацыя разглядае вынесенае пісьмовае папярэджанне як палітычны націск.

"Для нас відавочна, што Мінюст у гэтым выпадку з'яўляецца простым выканаўцам палітычнай замовы, змест якой палягае ў аказанні палітычнага ціску на суб'ектаў, якія выступаюць у якасці арганізатараў масавых акцыяў пратэсту, — падкрэсліў Янукевіч. — Апроч таго, мы бачым тут імкненне перакласці віну з сапраўдных парушальнікаў законаў і свабоды мірных сходаў, праз дзеянні якіх былі створаныя ўмовы для гвалту на вуліцах Мінску 25 сакавіка. Мінгарвыканкам груба парушыў заканадаўства, калі не адказаў на заяву аб правядзенні акцыі ў вызначаны законам тэрмін. Сілавыя структуры ўчынілі нематываваны гвалт супраць людзей, якія выйшлі на мірную акцыю, карыстаючыся гарантаваным Канстытуцыяй правам на ўдзел у мірных сходах. Адпаведна, менавіта на дзяржаўных службоўцах палягае асноўная віна за тое, што адбывалася 25 сакавіка ў Мінску".

Партыя БНФ плануе падчас судовага разгляду даць палітычную ацэнку падзеям 25 сакавіка ў Мінску і акцэнтаваць увагу на адказнасці дзяржаўных органаў за парушэнне правоў грамадзянаў. Партыя БНФ ужо звярталася ў Палату прадстаўнікоў з патрабаваннем правесці парламенцкае расследаванне гвалтоўных дзеянняў міліцыі і спецслужбаў, учыненых напярэдадні Дня Волі і непасрэдна 25 сакавіка.

Нават калі адкінуць палітычны аспект справы, то і з юрыдычнага боку папярэджанне падлягае скасаванню, адзначаецца ў паведамленні. Аргументацыя Міністэрства юстыцыі не грунтуецца на канкрэтных фактах, а на галаслоўных сцвярджэннях пра парушэнне Партыяй БНФ закона "Аб масавых мерапрыемствах". "Дастаткова сказаць, што ў якасці фактычнай падставы міністэрства спасылаецца на неназваныя "крыніцы ў інтэрнэце". Апроч таго, у парушэнне патрабаванняў закона "Аб палітычных партыях" папярэджанне не ўтрымлівае ўказання на тыя крокі, якія партыя магла бы зрабіць для выпраўлення быццам бы знойдзеных парушэнняў, — гэта і не дзіўна, паколькі мы закон не парушалі, а парушалі яго тыя ж суб'екты, якія і загадалі міністэрству прыдумаць гэткае папярэджанне", — сказаў Янукевіч.

Апошні выпадак, калі Вярхоўны суд скасаваў папярэджанне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі Партыі БНФ, быў зафіксаваны ў 2006 годзе — тады міністэрства кваліфікавала як умяшальніцтва ў функцыі дзяржаўных органаў зварот Партыі БНФ да органаў мясцовай улады па пытанні фармавання ўчастковых выбарчых камісій.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН