Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/03/901529_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:41
03.05.2017 13:59 Грамадства

Ананіч: У нас дасканалае заканадаўства аб СМІ

Мінск, 3 мая. У Беларусі "дасканалае заканадаўства аб СМІ", заявіла журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч 3 мая ў Мінску пасля адкрыцця XXI Міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі". Такім чынам яна адказала на пытанне БелаПАН, ці можа Мінінфарм выступіць пасрэднікам паміж прадстаўнікамі СМІ і міліцыяй, каб пазбегнуць затрыманняў журналістаў, якія працуюць на вулічных акцыях.
Ананіч заявіла, што "не аднойчы вельмі дакладна выказвалася на гэтую тэму". "Я казала пра тое, што калі ёсць правы журналіста, то журналісты таксама павінны ведаць, што ёсць правы і абавязкі іншых суб`ектаў, якія знаходзяцца на тым ці іншым мерапрыемстве. Ніколі права журналіста не можа быць мацнейшым за іншае права, — падкрэсліла міністр. — Калі органы правапарадку прымалі меры па забеспячэнні спакойнай абстаноўкі на гэтых мерапрыемствах, то гэта іх права, і вы павінны выконваць патрабаванні, якія вам выстаўляюцца".

Ананіч параіла журналістам проста выконваць дзейнае заканадаўства аб СМІ. "Ва ўсіх міністэрствах ёсць адпаведныя службы, якія працуюць з прэсай. Калі ласка, працуйце з імі", — сказала кіраўнік Мінінфарма.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, з пачатку 2017 года супрацоўнікі СМІ больш за 130 разоў пераследаваліся беларускімі ўладамі за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў. Пры іх затрыманні міліцыя ў шэрагу выпадкаў ужывала грубую фізічную сілу. Некаторыя журналісты былі асуджаныя нібыта за ўдзел у несанкцыянаваны акцыях.

У нядаўна апублікаваным рэйтынгу свабоды прэсы, які штогод рыхтуе міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў", Беларусь заняла 153-е месца са 180. У дакладзе "Рэпарцёры без межаў" адзначаюць, што паляпшэнне сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі назіралася ў 2016 годзе, але гэта зацішша скончылася ў сакавіку 2017-га, калі хваля мірных пратэстаў прывяла да рэпрэсій у дачыненні як да саміх пратэстоўцаў, так і журналістаў, якія асвятлялі гэтыя акцыі.

Акрамя таго, зазначаюць "Рэпарцёры без межаў", "журналісты-фрылансары, якія працуюць у незалежных СМІ, што базуюцца за мяжой, не могуць атрымаць акрэдытацыю і пераследуюцца з боку судовых органаў". "Асцерагаючыся дэстабілізацыі сітуацыі, звязанай з украінскім крызісам, улады зняволілі як прарасійскіх, так і антырасійскіх блогераў (гаворка ідзе пра супрацоўнікаў расійскага інфармагенцтва Regnum Сяргея Шыпценку, Дзмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца і заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса. — БелаПАН.)", — гаворыцца ў дакладзе міжнароднай журналісцкай праваабарончай арганізацыі.

3 мая міжнародная супольнасць адзначае Сусветны дзень свабоды прэсы.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН