Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/03/901589_901590/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:20
03.05.2017 18:29 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага перамясцілі ў папраўчую калонію ў Ваўкавыску

Мінск, 3 мая. Асуджанага заснавальніка арганізацыі па абароне правоў зняволеных "Платформ інавейшн" Міхаіла Жамчужнага перамясцілі з папраўчай калоніі № 14 у Навасадах (Барысаўскі раён, Мінская вобласць) у калонію № 11 у Ваўкавыску (Гродзенская вобласць), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Нагадаем, 21 красавіка суд Барысаўскага раёна на выязным пасяджэнні ў навасадскай калоніі спыніў працэс аб пераводзе асуджанага праваабаронцы на турэмны рэжым утрымання на падставе спагнанняў, вынесеных яму ў калоніі за нібыта дапушчаныя парушэнні, паколькі напярэдадні суда адміністрацыя ПК № 14 адклікала сваё прадпісанне па гэтай справе.

З паведамлення сайта spring96.org вынікае, што праваабаронца ліквідаванага ўладамі цэнтра "Вясна" Таццяна Равяка атрымала ад Жамчужнага ліст, які раскрывае падрабязнасці таго, што адбылося ў тыя дні, калі суд Барысаўскага раёна разглядаў справу аб пераводзе яго на турэмны рэжым утрымання.

Ліст не быў датаваны, на канверце адсутнічаў зваротны адрас, але быў штэмпель следчага ізалятара № 6 у Баранавічах (Брэсцкая вобласць). Пры гэтым аб сваім знаходжанні ў баранавіцкім СІЗА асуджаны праваабаронца не згадвае, аднак з ліста вынікае, што ён быў напісаны ў адной з устаноў пенітэнцыярнай сістэмы ў Жодзіне.

"18 красавіка "Сталыпіным" (спецвагон для перавозкі зняволеных. — БелаПАН.b) завезлі на Жодзіна, 20 красавіка — у ізалятар часовага ўтрымання Барысава, — напісаў Жамчужны. — 21 красавіка ў 10.00 факсам з суда прыйшло паведамленне, што ў 14.10 будзе слухацца яшчэ адна справа па ШІЗА (па змяшчэнні ў штрафны ізалятар. — БелаПАН.b) — апошняе, якую я абскардзіў. Гэта я да таго паведамляю, што суд выдатна ведаў, што я знаходжуся ў ІЧУ, але не паведаміў мне пра прычыны адмены суда аб трохгадовым накіраванні на турэмны рэжым. Па ўсім відаць, яны самі не ведалі, што адбылося. За мной заехаў персанальны аўтазак. Ні слова не кажучы, сабралі з рэчамі і адвезлі ў Жодзіна замест суда".

Праваабаронцы ўстрывожыліся з-за лісты свайго асуджанага калегі, паколькі ўсе меркавалі, што яго вернуць у навасадскую калонію, аднак там яго не аказалася. Да пошукаў Жамчужнага падключыўся яго адвакат, пазней стала вядома, што праваабаронцу перавялі ў Ваўкавыск. Прычыны пераводу пакуль невядомыя.

Міхаіл Жамчужны —былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі "Платформа" (папярэдніца "Платформ інавейшн"). Яго затрымалі ў 2014 годзе. 10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага выдавання звестак, якія складаюць службовую тайну; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі; дачы хабару.

Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі Жамчужнага палітвязнем.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН