Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/03/eu_eu_901563_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 10:16
03.05.2017 15:45 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

МЗС Літвы: Самалёт, які заляцеў у Беларусь, быў пад пастаянным кантролем

Мінск, 3 мая. Лёгкаматорны самалёт, які заляцеў у Беларусь з Літвы, быў пад пастаянным кантролем. Пра гэта гаворыцца ў ноце ў адказ, якую паслу Беларусі Аляксандру Каралю ўручыў 3 мая намеснік міністра замежных спраў Літвы Дарус Скусявічус.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Літвы, у ноце адзначаецца, што самалёт з рэгістрацыйным нумарам ЕС N600 на працягу ўсяго палёту сумесна кантраляваўся службамі грамадзянскай авіяцыі і ўзброеных сіл Беларусі і Літвы. Самалёт быў хутка вернуты ў літоўскую паветраную прастору. Па факце гэтага інцыдэнту кампетэнтныя органы Літвы праводзяць расследаванне.

Падчас сустрэчы з беларускім паслом прадстаўнік МЗС Літвы таксама падняў тэму будаўніцтва Беларускай АЭС. Скусявічус зазначыў, што пытанні Літвы пра бяспеку АЭС і яе неспрыяльнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе дагэтуль застаюцца без адказу.

Скусявічус заклікаў Беларусь спыніць будаўніцтва атамнай станцыі і з дапамогай міжнародных экспертаў старанна перагледзець праект.

Як паведамлялася раней, беларускія ваенныя зафіксавалі парушэнне мяжы 19 красавіка ў 13.40. Самалёт з боку Літвы паглыбіўся на беларускую тэрыторыю на восем кіламетраў, а праз тры хвіліны павярнуўся і пакінуў паветраную прастору Беларусі.

Намеснік дырэктара Адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі Альвідас Шумскас паведаміў, што P46T пілатаваў грамадзянін Даніі. З ім ляцеў літовец, якія планаваў купіць самалёт.

У сувязі з інцыдэнтам МЗС Беларусі 22 красавіка ўручыла ноту пратэсту паслу Літвы. У той жа дзень камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі генерал-маёр Алег Двігалёў заявіў, што парушэнне адбылося паблізу будоўлі беларускай атамнай станцыі.

Нягледзячы на добрасуседскія адносіны з Літоўскай Рэспублікай, "хацелася б, каб Літва разумела важнасць выканання пагадненняў, выконвала міжнароднае заканадаўства, не дапускала такіх парушэнняў са свайго боку", падкрэсліў камандуючы.

"Ваенна-паветраныя сілы і войскі СПА, калі такія выпадкі будуць паўтарацца, будуць вымушаныя ўжыць і сілавыя меры ўздзеяння", — папярэдзіў Двігалёў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН