Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/04/901698_901699/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:50
04.05.2017 13:10 Палітыка, Грамадства

Актывістка Наталля Папкова адбывае арышт у Мінску па папярэднім рашэнні суда

Мінск, 4 мая. Актывістка дэмсіл з Брэста Наталля Папкова, затрыманая 1 мая ў Мінску пасля вулічнай акцыі, адбывае ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама 15 сутак адміністрацыйнага арышту па прыгаворы суда Ленінскага раёна Брэста ад 19 красавіка. За ўдзел у мінскай акцыі яна атрымала штраф, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Як паведамлялася, сувязь з Папковой знікла пасля несанкцыянаванага мітынгу 1 мая. На наступны дзень стала вядома, што актывістку ўтрымліваюць у ЦІП на вул. Акрэсціна. Праваабаронцы высветлілі, што адміністрацыйная справа актывісткі за ўдзел у гэтай акцыі разглядалася 3 мая ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала Папкову вінаватай на падставе артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і пакарала штрафам у 30 базавых велічынь (690 рублёў).

Адразу пасля затрымання актывістку ўзялі пад арышт. Прысуд аб арышце ёй быў вынесены 19 красавіка суддзёй Ленінскага раёна Брэста Алегам Міранюком па артыкуле 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). Пратакол быў складзены 17 сакавіка непадалёк ад чыгуначнага вакзала Брэста за пераход дарогі па-за пешаходным пераходам, пасля чаго Папкова была затрыманая і змешчаная ў ІЧУ Брэста.

Актывістка пакінула залу суда, не чакаючы рашэння, і, паводле інфармацыі праваабаронцаў, некаторы час хавалася ад праваахоўнікаў.

Наталля Папкова, актыўная ўдзельніца акцый супраць дэкрэта "аб дармаедах", пачынаючы з сакавіка некалькі разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку каралася адміністрацыйным арыштам. Акрамя таго, яе змяшчалі ў псіханеўралагічны дыспансер з санкцыі пракуратуры ў сувязі з тым, што нехта з суседзяў паведаміў, што яна нібыта спрабавала скончыць самагубствам.

У акцыі апазіцыі, прымеркаванай да Дня салідарнасці працоўных, у сталіцы прынялі ўдзел да 300 чалавек. Пасля яе былі затрыманыя і арыштаваныя сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец і актывіст Максім Вінярскі. Сёння судзяць таксама лідара руху салідарнасці "Разам" Вячаслава Сіўчыка і актывіста Яўгена Афнагеля.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН