Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/04/901746_123456/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:09
04.05.2017 15:26 Грамадства

У злоўжываннях службовымі паўнамоцтвамі падазраецца намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама

Мінск, 4 мая. Па матэрыялах праверкі, праведзенай супрацоўнікамі БЭЗ УУС Мінскага аблвыканкама і Маладзечанскага РАУС, аднаго з намеснікаў старшыні райвыканкама падазраюць у злоўжываннях.

Як паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення БЭЗ УУС Мінскага аблвыканкама Міхаіл Герчык, па рашэнні службовай асобы вясной і летам 2016 года сельгаспрадпрыемствы Маладзечанскага раёна былі арыентаваныя на закупку імпартных мінеральных кармавых дабавак, у рэалізацыі якіх зацікаўлена пэўная камерцыйная структура.

З сабраных супрацоўнікамі БЭЗ звестак вынікае, што незаконнае рашэнне кіраўнік прымаў у інтарэсах патрэбнай камерцыйнай структуры па просьбе свайго знаёмага, з якім быў у сяброўскіх адносінах. Сам гэты знаёмы ўжо не аднойчы трапляў у поле зроку службы БЭЗ. Гаворка ідзе пра былога дырэктара філіяла "Аграфірма "Лебедзева" РУП "Мінскэнерга", якога падазраюць у шэрагу эканамічных злачынстваў, у тым ліку звязаных з сумніўным узаемадзеяннем з камерцыйнай арганізацыяй, якую ўзначальвае яго сын. У ходзе карпатлівай працы праваахоўнікаў у гэтым напрамку і з'явіліся дадатковыя прэтэнзіі, звязаныя з дзейнасцю камерцыйнай арганізацыі сына. Менавіта інтарэсы гэтай структуры прасоўваліся рашэннем, прынятым намеснікам старшыні выканкама.

Фірма паставіла ў раён буйную партыю імпартных мінеральных кармавых дабавак. І для паспяховай рэалізацыі гэтай партыі сярод сельгаспрадпрыемстваў неабходна было ўказанне вертыкалі. Дадзенае ўказанне паступіла ў выглядзе адпаведнай разнарадкі. Пасля яе атрымання сельгаспрадпрыемствы раёна сталі набываць мінеральныя дабаўкі ў неабходных аб'ёмах.

У БЭЗ адзначаюць, што быў праігнараваны неабходны ў такіх выпадках тэхнічны рэгламент правядзення працэдуры закупак, а таксама не праведзена неабходная сертыфікацыя. Паводле звестак БЭЗ, цэны імпартнага тавару былі не толькі неабгрунтавана завышаныя ў адносінах да рэальнага кошту, але і істотна перавышалі цэнавую катэгорыю аналагічных дабавак айчыннай вытворчасці. У цэлым сельгасарганізацыі раёна выдаткавалі на закупку навязаных кармавых дабавак сродкі на агульную суму больш за 1 млрд. неданамінаваных рублёў. Канкрэтны ўрон ад здзелак будзе ўстанаўлівацца ў ходзе расследавання.

Следчым камітэтам у дачыненні да службовай асобы распачата справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі).
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН