Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/05/901836_901837/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 16:42
05.05.2017 09:53 Спорт, Грамадства

Міжнародная федэрацыя хакея чакае адказу ад французаў з нагоды вобыску гульцоў зборнай Беларусі

Мінск, 5 мая. Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) чакае адказу ад французскага боку з нагоды вобыску гульцоў зборнай Беларусі, якія прыбылі ў Парыж для ўдзелу ў чэмпіянаце свету. Пра гэта ТАСС паведаміў кіраўнік IIHF Рэне Фазель.

"Вы ведаеце, што гэта можа быць звязана як з бяспекай, так і з антыдопінгавымі справамі, але мы спрабуем атрымаць адказ ад французскага боку, — сказаў Фазель. — Вядома, гэта не выйсце, калі такое робіцца прама на станцыі пры людзях. Мы спрабуем знайсці прычыну, чаму гэта адбылося, і спадзяемся, што такое больш не здарыцца".

Французская паліцыя ў сераду, 3 мая, правяла пільны дагляд беларускай хакейнай каманды на чыгуначным вакзале Монпарнас у Парыжы. 4 мая Фазель наведаў трэніроўку зборнай Беларусі і выказаў прабачэнні ад IIHF.

Як паведамляў БелаПАН, 4 мая ў МЗС быў выкліканы пасол Францыі Дзідзье Канес, якому намеснік міністра Алег Краўчанка выказаў "рашучы пратэст беларускага боку ў сувязі з праведзеным у форме, што прыніжае чалавечую годнасць", даглядам беларускіх хакеістаў. Беларускі бок запатрабаваў правесці расследаванне інцыдэнту, даць тлумачэнні, выказаць прабачэнні, а таксама прыняць усе неабходныя меры для недапушчэння такіх інцыдэнтаў у будучыні.

Міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко назваў вобыск беларускіх хакеістаў "замовай з боку пакуль невядомых нам асоб, якія спрабуюць актыўна і нахабна ўздзейнічаць на прадстаўнікоў Беларусі".

"У наяўнасці відавочна прадузятае стаўленне менавіта да беларускай каманды, — лічыць Шамко, словы якога прыводзіць прэс-служба Мінспорту. — Спісаць на павышаныя меры бяспекі, якія прымаюць французскія ўлады ў мэтах нібыта барацьбы з тэрарызмам, не атрымліваецца. Усё ўказвае на тое, што паліцыя дзейнічала мэтанакіравана".

З 5 па 21 мая ў Парыжы і Кёльне пройдзе 81-шы чэмпіянат свету па хакеі. Групавы раўнд беларуская каманда правядзе ў сталіцы Францыі, куды прыбыла з Бардо пасля таварыскіх матчаў з мясцовай зборнай.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН