Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/05/901839_901840/
Дата раздрукоўкі: 02.10.2020 02:11
05.05.2017 10:11 Эканоміка, Фінансы

Нацбанку ўдалося ў красавіку павялічыць ЗВР, нягледзячы на пагашэнне газавага доўгу перад Расіяй

Мінск, 5 мая. Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ на 1 мая 2017 года, паводле папярэдніх дадзеных, склалі 5 млрд 108,7 млн долараў ЗША ў эквіваленце, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка.

Такім чынам, за красавік ЗВР узраслі на 92,6 млн долараў (на 1,8%) пасля зніжэння ў сакавіку на 6,2 млн долараў (на 0,1%). З пачатку 2017 года рэзервы павялічыліся на 181,5 млн долараў (на 3,7%).

Як растлумачылі ў Нацбанку, павелічэнню золатавалютных рэзерваў у красавіку спрыялі паступленне трэцяга траншу фінансавага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (300 млн долараў. — БелаПАН.), купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на біржавых таргах, прыцягненне сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў і Нацбанкам валютных аблігацый, паступленні ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама рост цаны золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.

"Стрымліваючы ўплыў на дынаміку рэзерваў аказала планавае пагашэнне ўрадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце", — адзначылі ў галоўным банку краіны.

Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны заявіў 19 красавіка журналістам у Мінску, што пагашэнне Беларуссю доўгу за пастаўкі расійскага газу ў памеры 726,2 млн долараў ЗША не прывядзе да зніжэння золатавалютных рэзерваў краіны. "Рэзервы не знізяцца, таму што Нацыянальны банк сёння працуе над тым, каб выкарыстоўваць іншыя інструменты прыцягнення рэсурсаў, — аблігацыі выпускаем; Міністэрства фінансаў таксама працуе на рынках. Таму рэзервы не знізяцца, усё будзе нармальна", — сказаў Надольны.

Паводле яго слоў, грошы былі накіраваныя часткова з ЗВР, часткова — з бягучай ліквіднасці, якая не адносіцца да рэзервовых актываў. "Таму той недахоп, які пайшоў з рэзерваў, мы кампенсуем", — адзначыў прадстаўнік Нацбанка.

Беларусь пагасіла доўг за газ 13 красавіка ў адпаведнасці з дамоўленасцямі лідараў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, дасягнутымі на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка. У дзень пагашэння доўгу намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка падпісаў у Маскве пакет пагадненняў, якія рэгулююць адносіны дзвюх краін у нафтагазавай сферы. Акрамя таго, Мінску былі абяцаны новы расійскі крэдыт да 1 млрд долараў і чарговы транш крэдыту з фонду ЕўрАзЭС у 600 млн долараў.

Нагадаем, у 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі па стандартах МВФ павялічыліся на 751,4 млн долараў (на 18%) да 4 млрд 927,2 млн долараў ЗША ў эквіваленце на 1 студзеня 2017 года. Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў не менш чым на 500 млн долараў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239