Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/05/901851_901852/
Дата раздрукоўкі: 20.02.2020 05:40
05.05.2017 11:04 Эканоміка, Грамадства

У краінах ЕАЭС могуць утрая знізіць норму бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістых мэтаў

Мінск, 5 мая. Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) прапанавала да 2021 года ўтрая знізіць для фізічных асоб норму бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістых мэтаў на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), вынікае з праекта дакумента, апублікаванага ЕЭК.

Так, норма бяспошліннага ўвозу для тавараў, якія перавозяцца на аўтамабілях, аўтобусах, па чыгунцы або па моры, у 2019 годзе будзе зніжана з цяперашніх 1,5 тыс. да 1 тыс. еўра. Да 2020 года норма знізіцца да 750 еўра, а з 1 студзеня 2021 года яна будзе складаць 500 еўра.

Вагавая норма для багажу, які суправаджаецца і не суправаджаецца, таксама скароціцца да 2021 года — з цяперашніх 50 кг да 25 кг. Пры гэтым нормы правозу тавараў паветраным транспартам не зменяцца. Фізічныя асобы змогуць без выплаты пошліны ўвозіць да 50 кг тавараў, калі іх кошт не перавышае 10 тыс. еўра.

Цяпер у ЕАЭС бязмытны ўвоз тавараў фізічнай асобай пры перасячэнні наземным транспартам абмежаваны 1,5 тыс. еўра і 50 кг.

Паэтапнае зніжэнне нормаў бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі ініцыявалі ўлады Беларусі. "Беларусі ўдалося пераканаць нашых партнёраў па Мытным саюзе ў неабходнасці паэтапнага зніжэння агульных нормаў да 500 еўра і 25 кг, — адзначаў у снежні 2016 года старшыня ДМК Юрый Сянько. "Гэтыя рашэнні ёсць, яны прыняты міжурадавым саветам", — цытавала Сянько дзяржаўнае агенцтва БелТА. Пры гэтым кіраўнік ДМК удакладніў, што Беларусь, як і іншыя краіны, мае права адміністраваць і вырашаць пытанні на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства ў рамках больш жорсткіх падыходаў.

Варта адзначыць, што цяпер уладамі Беларусі бязмытны ўвоз тавараў фізічнай асобай пры перамяшчэнні наземным транспартам часцей за адзін раз на працягу трох каляндарных месяцаў абмежаваны 300 еўра і 20 кг. Пры гэтым нормы бяспошліннага ўвозу тавараў у 1.500 еўра і 50 кг працягваюць дзейнічаць.

Акрамя таго, у красавіку 2016 года ў Беларусі ўказам прэзідэнта была зніжана норма бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстання, якія перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях і (або) экспрэс-грузах у адрас аднаго атрымальніка, з 200 еўра і 31 кг да 22 еўра і 10 кг на працягу каляндарнага месяца. За перавышэнне гэтага ліміту неабходна плаціць 30% з сумы перавышэння.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН