Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/05/901859_901860/
Дата раздрукоўкі: 22.02.2020 13:26
05.05.2017 12:16 Палітыка

Беларусь акажа Украіне гуманітарную дапамогу на суму большую за 117 тысяч рублёў

Мінск, 5 мая. Беларусь акажа Украіне гуманітарную дапамогу на суму 117 тыс. 866 рублёў (каля 63 тыс. долараў). Адпаведную пастанову прыняў Савет міністраў Беларусі, паведамляе прэс-служба ўрада.

Пастановай № 332 ад 4 мая Саўмін даручыў Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці, Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну харчовай прамысловасці, Гродзенскаму аблвыканкаму, СП "Беліта", СААТ "Парфумерна-касметычная фабрыка "Модум — наша касметыка" і ТАА "Слонімскі кардонна-папяровы завод "Альбярцін" забяспечыць "водпуск і афармленне матэрыяльных каштоўнасцяў для аказання гуманітарнай дапамогі Украіне".

МНС пры садзейнічанні Міністэрства замежных спраў даручана забяспечыць дастаўку аўтамабільным транспартам гуманітарнай дапамогі ва Украіну; арганізаваць перадачу гуманітарнай дапамогі місіі Міжнароднага Чырвонага Крыжа ва Украіне для размеркавання сярод пацярпелага насельніцтва краіны.

Мінфіну за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на фінансаванне расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі, даручана выдзеліць сродкі для пакрыцця кошту адпушчаных матэрыяльных каштоўнасцяў для аказання гуманітарнай дапамогі, а таксама пакрыць транспартныя, камандзіровачныя і іншыя выдаткі, звязаныя з дастаўкай гуманітарнай дапамогі.

У дадатку да пастановы пералічваюцца прадукты і тавары, якія будуць адпраўленыя ва Украіну. Сярод іх — мясныя кансервы, цукар, мука, алей, зубная паста, мыла, шампунь, туалетная папера.

26 красавіка на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Ляскавічах (Гомельская вобласць) Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь плануе накіраваць гуманітарную дапамогу насельніцтву Украіны, якое пражывае ў зоне канфлікту.

"У найбліжэйшы час пры садзейнічанні Міжнароднага таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца Беларусь плануе накіраваць гуманітарную дапамогу насельніцтву Украіны, якое пражывае па абодва бакі ад лініі размежавання, — сказаў Лукашэнка. — Падтрымаем самым неабходным — прадуктамі і сродкамі гігіены. Мы будзем працаваць у кантакце, каб знайсці самы кароткі шлях для таго, каб гуманітарная дапамога даходзіла да людзей і па адзін бок, і па другі бок барыкад".

Ён падкрэсліў, што беларускі бок будзе і надалей рабіць "усё неабходнае для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, каб брацкія народы жылі ў дружбе і згодзе". "Па крайняй меры, мне не сорамна глядзець у вочы ні ўкраінскаму народу, ні прэзідэнту Украіны. Усё, пра што прасілі нас ўкраінскія сябры, мы свята выконвалі. Рабілі ўсё, што ў нашых сілах. Надалей будзе так", — заявіў Лукашэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН