Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/05/901871_901872/
Дата раздрукоўкі: 20.02.2020 05:50
05.05.2017 12:57 Грамадства

9 і 10 мая супрацоўнікі МУС і ўнутраных войскаў будуць несці службу ва ўзмоцненым рэжыме

Мінск, 5 мая. Асабісты склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў 9 і 10 мая будзе несці службу ва ўзмоцненым рэжыме, паведаміў на прэс-канферэнцыі 5 мая начальнік упраўлення аховы правапарадку МУС Дзмітрый Кур'ян.

"Зыходзячы з аналізу сітуацыі і асаблівасцяў арганізацыі аховы грамадскага парадку на такіх мерапрыемствах мінулых гадоў, МУС ужо ажыццяўляе комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на арганізацыю бяспекі і правапарадку ў рэспубліцы", — сказаў ён.

Паводле слоў прадстаўніка МУС, міністрам зацверджана рашэнне на ахову грамадскага парадку, начальнікамі ГУУС Мінгарвыканкама і УУС аблвыканкамаў зацверджаны аналагічныя дакументы па замацаванай тэрыторыі.

"Сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі пасля рэкагнасцыровак мясцовасці і з улікам пастаўленых задач праводзяцца разлікі сіл і сродкаў, якія будуць задзейнічаны на забеспячэнні правапарадку па кожным месцы правядзення мерапрыемстваў", — адзначыў Кур'ян.

Паводле яго слоў, для каардынацыі працы і арганізацыі ўзаемадзеяння з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі ў МУС 9 мая будзе разгорнуты аператыўна-сітуацыйны штаб. Аналагічныя структуры будуць функцыянаваць у ГУУС Мінгарвыканкама і ва УУС аблвыканкамаў.

Як паведаміў Кур'ян, напярэдадні святочных мерапрыемстваў насельніцтва інфармуецца пра неабходнасць выканання мер бяспекі, асаблівасці арганізацыі прапускнога рэжыму, абмежаванні, якія ўводзяцца, змены ў арганізацыі руху асабістага і грамадскага транспарту.

Ён расказаў, што ў Мінску ў ходзе афіцыйных і забаўляльных мерапрыемстваў месцы іх правядзення будуць узятыя пад асаблівы кантроль. У найбольш шматлюдных з іх будзе арганізаваны прапускны рэжым. Прадугледжваецца выстаўленне ачаплення па перыметры пляцоўкі правядзення масавага мерапрыемства, агляд тэрыторыі з прыцягненнем сапёрна-піратэхнічных груп і выстаўленне неабходнай колькасці кантрольна-прапускных пунктаў для надгляду грамадзян і іх рэчаў. Будуць арганізаваны эвакуацыйныя выхады.

Пропуск грамадзян на афіцыйнае мерапрыемства на плошчы Перамогі раніцай 9 мая будзе ажыццяўляцца праз 8 КПП, на якіх будзе арганізавана 18 пунктаў пропуску. Перад кожным КПП будзе ўстаноўлены інфармацыйны стэнд з указаннем прадметаў і рэчаў, забароненых да праносу.

Асобныя пункты пропуску будуць абсталяваныя для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў, цяжарных жанчын, бацькоў з малымі дзецьмі.

Падчас вячэрніх мерапрыемстваў у раёне плошчы Перамогі — канцэрта і салюту — колькасць КПП і пунктаў пропуску будзе павялічана: 13 КПП і 55 пунктаў пропуску.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН