Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/05/901921_123456/
Дата раздрукоўкі: 20.02.2020 05:50
05.05.2017 15:19 Палітыка

З 15 мая Расія пераводзіць усе авіярэйсы з Беларуссю ў міжнародныя сектары расійскіх аэрапортаў

Мінск, 5 мая. З 15 мая ўсе рэйсы паміж Расіяй і Беларуссю будуць пераведзеныя ў міжнародныя сектары расійскіх аэрапортаў, паведамляе РИА Новости са спасылкай на дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Рыгора Рапоту.

Паводле яго слоў, пагранічны кантроль грамадзян Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, якія карыстаюцца гэтымі рэйсамі, ажыццяўляцца не будзе, яны па-ранейшаму змогуць перасякаць мяжу па ўнутраных пашпартах. Адзіным змяненнем для іх стане неабходнасць захоўваць пасадачны талон, які трэба будзе прад`яўляць па прыбыцці ў Расію. "Адзнакі аб перасячэнні мяжы ў пашпарце прастаўляць не будуць", — удакладніў Рапота.

Пры гэтым РІА Новости нагадвае, што з 12 лютага ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым уезду для грамадзян 80 краін, уключаючы ЗША і дзяржаў Еўрасаюза. "Указ прэзідэнта ўстанаўлівае бязвізавы ўезд праз Нацыянальны аэрапорт Мінска. Рашэнне закранае інтарэсы Расіі, паколькі ў рамках Саюзнай дзяржавы існуе рэжым свабоднага перамяшчэння, і замежнікі, якія прыбылі без віз у Беларусь, могуць нелегальна пранікнуць на расійскую тэрыторыю", — адзначае дзяржаўнае расійскае інфармагенцтва.

Указ прэзідэнта Беларусі аб пяцідзённым бязвізавым рэжыме для замежнікаў быў падпісаны 9 студзеня. А за 10 дзён да гэтага дырэктар Федэральнай службы бяспекі Расіі Аляксандр Бортнікаў падпісаў тры загады аб устанаўленні межаў пагранзоны на тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей, якія мяжуюць з Беларуссю. У кожным з загадаў кіраўнік ФСБ вызначае новыя рубяжы памежнай зоны — фактычна ўздоўж усёй мяжы з Беларуссю. Памежным упраўленням ФСБ у Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцях было загадана ўстанавіць месца і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у памежную зону, а таксама ўстанавіць на ўездах у пагранзону папераджальныя знакі.

У Маскве падкрэслівалі, што гэтае рашэнне ніяк не звязана з увядзеннем Беларуссю пяцідзённага бязвізавага рэжыму для іншаземцаў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН