Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/05/901962_123456/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2020 02:28
05.05.2017 16:55 Палітыка

Беларускае МЗС аб пераводзе авіярэйсаў паміж Расіяй і Беларуссю ў міжнародныя сектары расійскіх аэрапортаў: Паглядзім, як будуць рэалізоўвацца гэтыя новыя падыходы

Мінск, 5 мая. "Паглядзім, як будуць рэалізоўвацца гэтыя новыя падыходы", — так пракаментаваў рашэнне аб пераводзе ўсіх авіярэйсаў паміж Расіяй і Беларуссю ў міжнародныя сектары расійскіх аэрапортаў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Пра тое, што ўсе авіярэйсы, якія выконваюцца паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, з 15 мая пераведзеныя ў міжнародныя сектары расійскіх аэрапортаў, заявіў 5 мая дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Паводле яго слоў, пагранічны кантроль расійскіх і беларускіх грамадзян, якія карыстаюцца гэтымі рэйсамі, ажыццяўляцца не будзе — яны па-ранейшаму змогуць перасякаць мяжу па ўнутраных пашпартах. Адзіным змяненнем для іх стане неабходнасць захоўваць пасадачны талон, які трэба будзе прад`яўляць пасля прыбыцця ў Расію. "Адзнакі аб перасячэнні мяжы ў пашпарце прастаўляць не будуць", — удакладніў Рапота.

Мірончык паведаміў, што афіцыйнае паведамленне расейскага боку аб новаўвядзенні было атрымана 21 красавіка. МЗС аператыўна праінфармавала пра гэта ўсе зацікаўленыя ведамствы, уключаючы Дзяржаўны пагранічны камітэт, Дзяржаўны мытны камітэт, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства транспарту Беларусі.

"Паводле запэўнення расійскага боку, новы парадак не прывядзе да ўшчамлення свабоды перамяшчэння беларускіх і расійскіх грамадзян. Паглядзім, як будуць рэалізоўвацца гэтыя новыя падыходы", — сказаў Мірончык.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239