Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/06/902058_123456/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:23
06.05.2017 14:36 Грамадства

У Сенненскім раёне затрыманы віцебскі праваабаронца Павел Левінаў

Мінск, 6 мая. Вядомы віцебскі праваабаронца Павел Левінаў, прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта па Віцебскай вобласці, затрыманы вечарам 5 мая ў вёсцы Нярэйша Сенненскага раёна ў доме свайго брата.

"Як растлумачылі прадстаўнікі праваахоўных органаў, затрыманне здзейснена па загадзе вышэйшага начальства з мэтай заключэння праваабаронцы ў ІЧУ УУС па Віцебскай вобласці для адбыцця адміністрацыйнага арышту", — паведамляе праваабарончы сайт vitebskspring.org. Левінава даставілі ў гарадскі пасёлак Багушэўск для складання пратакола затрымання, адкуль па прыбыцці міліцыі з Віцебска яго павінны былі перавезці ў абласны цэнтр для адбыцця пакарання.

17 красавіка суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Іна Грабоўская прызначыла Паўлу Левінаву пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 25 і 26 сакавіка. Суд праходзіў завочна — Левінаў знаходзіўся ў бальніцы за межамі Беларусі. Спроба абскардзіць рашэнне раённага суда поспеху не прынесла — Віцебскі абласны суд пакінуў гэтае рашэнне ў сіле.

Павел Левінаў патэлефанаваў калегам і паведаміў, што пры арышце да яго не прымяняліся спецсродкі або сілавыя прыёмы, супраціўлення супрацоўнікам міліцыі ён не аказваў. Пры гэтым стан яго здароўя пагоршыўся — па ўсіх прыкметах, павысіўся ціск. На 10 мая ўрачы прызначылі Левінаву шпіталізацыю, на наступны дзень яму павінны праводзіць тэрміновую хірургічную аперацыю.

Па тэлефоне Левінаў папрасіў міжнародную праваабарончую супольнасць аказаць ціск на беларускія ўлады, а беларускіх праваабаронцаў — прызнаць яго палітычным вязнем на тэрмін яго знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ).

Як раней паведамляў БелаПАН, пасля затрымання 26 сакавіка Левінаву стала дрэнна з сэрцам — з ІЧУ ён быў шпіталізаваны ў кардыялагічнае аддзяленне гарадской клінічнай бальніцы № 1 Віцебска.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН