Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/09/902195_456987/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2019 09:00
09.05.2017 10:25 Палітыка, Грамадства

Кіраўнік БДІПЧ АБСЕ Лінк зноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне

Мінск, 9 мая. Дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Міхаэль Георг Лінк зноў заклікаў Беларусь да мараторыя на смяротнае пакаранне. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 8 мая прэс-службай БДІПЧ АБСЕ заяве.

"Я ўстрывожаны паведамленнем пра нядаўні расстрэл у Беларусі, — адзначыў Лінк. — Выкарыстанне смяротнага пакарання недарэчнае ў рэгіёне, дзе большасць краін прызналі гэта жорсткім, бесчалавечным пакараннем, якое зневажае чалавека, не з'яўляецца фактарам стрымлівання і робіць любую судовую памылку незваротнай".

Лінк падкрэсліў, што поўная сакрэтнасць, якой акружанае смяротнае пакаранне ў Беларусі, з'яўляецца пакараннем для сем'яў расстраляных, "наўмысна пакідаючы іх у стане няпэўнасці і душэўных пакут".

"Я яшчэ раз заклікаю беларускія ўлады разгледзець пытанне аб адмене смяротнага пакарання пры любых абставінах, як гэта зрабілі ўсё, акрамя адной з дзяржаў — удзельніц АБСЕ, і ўвесці мараторый у якасці першага кроку на шляху да поўнай адмены смяротнага пакарання".

Раней з аналагічнымі заклікамі выступілі Еўрасаюз і Савет Еўропы.

Аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава паведамілі 5 мая беларускія праваабаронцы са спасылкай на маці асуджанага, якая атрымала адпаведнае апавяшчэнне з Гомельскага абласнога суда.

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда мяркуе, што Вострыкава маглі расстраляць ў перыяд паміж 13 і 29 красавіка, бо апошні ліст з СІЗА № 1 Мінска, дзе ён утрымліваўся, датаваны менавіта 13 красавіка, а абласны суд атрымаў апавяшчэнне аб прывядзенні прысуду ў выкананні 29 красавіка. Маці дазволілі ўбачыцца з асуджаным у СІЗА 5 красавіка — гэта была іх апошняя сустрэча.

34-гадовы Вострыкаў быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання ў маі 2016 года паводле абвінавачання ў жорсткім забойстве дзвюх жанчын, згвалтаванні і выкраданні. У кастрычніку 2016 Вярхоўны суд пакінуў смяротны прысуд без змены. Справа слухалася ў закрытым рэжыме.

Не прыводзіць прысуд у выкананне заклікала беларускія ўлады праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя".

Зараз праваабаронцы спрабуюць высветліць лёс яшчэ аднаго асуджанага на смерць — 39-гадовага жыхара Мазыра Кірыла Казачка, які быў прызнаны вінаватым у забойстве двух уласных дзяцей. Казачок адмовіўся ад абскарджання прысуду ў Вярхоўным судзе, напісаўшы адпаведную заяву, у сувязі з чым справа была знятая з апеляцыйнага разгляду.

Яшчэ адзін прыгавораны да пакарання смерцю — 32-гадовы жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя — абскардзіў прысуд у Вярхоўным судзе. Ён прызнаны вінаватым на падставе артыкула 139 Крымінальнага кодэкса за забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасцю.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі пакарана смерцю больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных да смяротнага пакарання за гэты час быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

3 мая ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прайшла сустрэча, на якой абмяркоўваўся замежны вопыт у пытанні адмены смяротнага пакарання. Удзел у дыскусіі ўзялі беларускія парламентарыі, а таксама выканаўчы дырэктар арганізацыі "Праект па пытаннях смяротнага пакарання", член экспертнай групы па пытаннях смяротнага пакарання МЗС Вялікабрытаніі Парвез Джабар і генеральны сакратар няўрадавай арганізацыі "Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання" (Іспанія) Асунта Віва Кавальер.

Намеснік старшыні камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Віктар Чайчыц заявіў, што беларускае грамадства ўжо гатовае да абмеркавання пытання аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнай кары. На карысць такой гатоўнасці, паводле яго слоў, кажуць выпадкі, калі нават пацярпелыя прасілі не асуджаць вінаватых на смяротнае пакаранне. "Хутчэй за ўсё, мы будзем рухацца да таго (і я гэта падтрымліваю), што народ будзе прыхільнікам увядзення мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання", — сказаў парламентарый.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН