Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/05/09/902197_147852/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 04:28
09.05.2017 10:10 Грамадства

Беларусь святкуе Дзень Перамогі

Мінск, 9 мая. Святочныя мерапрыемствы пройдуць сёння па ўсёй краіне. Цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі ў Мінску з удзелам вышэйшых службовых асоб пачнецца ў 12.00.
"Тут, на плошчы — такая традыцыя ўзнікла ў нас ужо летась — збяруцца ўдзельнікі акцыі "Беларусь памятае" з партрэтамі сваіх родных або вядомых людзей, якія вызвалялі Беларусь", — паведаміла журналістам 2 мая падрабязнасці святкавання першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Завершыцца цырымонія калектыўным выкананнем песні "Плошча Перамогі".

У 21.30 на плошчы Перамогі пачнецца канцэрт. Арганізатары анансавалі ў яго фінале тэматычнае 3D-шоу, якое можна будзе ўбачыць на двух дамах, размешчаных за манументам Перамогі. "Гэта будзе ўпершыню такі вялікі самаробны экран, на якім будзе дэманстравацца кароткая гісторыя асноўных момантаў вайны, звязаных менавіта з Беларуссю — ад гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці і вызвалення Мінска да сённяшняй пераможнай вясны", — сказала намеснік міністра культуры. Кульмінацыяй канцэрта, паводле яе слоў, стане "пераклічка пакаленняў". "Пачнецца канцэрт з такога відовішча — як быццам ажываюць помнік і героі, якія потым ператворацца ў рэальных людзей, што будуць браць удзел у інтэрмедыях", — паведаміла чыноўніца.

Завершыцца святкаванне Дня Перамогі ў 23.00 салютам з трыццаці залпаў, які будзе дадзены ў Мінску і абласных цэнтрах краіны.

Прадстаўнікі апазіцыі правялі мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі напярэдадні. 8 мая яны наведалі Вайсковыя могілкі сталіцы, дзе ўсклалі кветкі да магіл салдат, якія загінулі пры вызваленні Мінска ў 1944 годзе, і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. У той жа дзень актывісты арганізацыі "Моладзь БНФ" усклалі кветкі да магілы народнага пісьменніка Беларусі удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Васіля Быкава на Усходніх могілках Мінска.

Згодна са звесткамі афіцыйнай статыстыкі, на 1 красавіка 2017 года ў Беларусі пражывала 10 тысяч 746 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У 2016 годзе пайшлі з жыцця прыблізна тры тысячы ветэранаў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН